Сцяг Субота, 11 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 студзеня 2025, 09:03

Лес уздоўж дарог, адміністрацыйныя будынкі і дэндрапаркі. Кулік аб рабоце галіны ў Год добраўпарадкавання
 

Аляксандр Кулік
Аляксандр Кулік
11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік расказаў карэспандэнту БЕЛТА аб тым, на чым сфакусіруецца лясная галіна ў 2025 годзе, аб'яўленым Годам добраўпарадкавання.

Паводле слоў Аляксандра Куліка, добраўпарадкаванне ў лясной галіне - паняцце комплекснае. "Адзін з самых галоўных элементаў у гэтай рабоце - добраўпарадкаванне ляснога фонду, асабліва ўздоўж рэспубліканскіх, міжнародных дарог, а таксама навядзенне парадку каля знакавых аб'ектаў. Напрыклад, гэта месцы пахавання загінулых і помнікі, якія размяшчаюцца ў лясных масівах. Менавіта там будуць сканцэнтраваны сілы леснікоў у бягучым годзе", - расказаў міністр.

У галіне будзе распрацавана праграма па добраўпарадкаванні ляснога фонду, у якой будуць замацаваны выканаўцы і канкрэтныя тэрыторыі, што падлягаюць добраўпарадкаванню. "Гэту работу мы пастараемся выканаць літаральна да першых чыслаў мая, улічваючы, што 9 мая будзем святкаваць 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тое ж самае датычыцца нашых прамысловых аб'ектаў - гэта цэхі дрэваапрацоўкі, пагрузачныя пляцоўкі. Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні будуць праводзіцца па ўсіх аб'ектах, якія знаходзяцца ў веданні Міністэрства лясной гаспадаркі", - заявіў кіраўнік Мінлясгаса.

Наступны напрамак работы ў 2025 годзе - гэта добраўпарадкаванне будынкаў лясніцтваў. "Іх у нас 840. Гэта работа ўключае комплекс мерапрыемстваў па азеляненні, высадцы кветак, добраўпарадкаванні дарожак, таму што ёсць населеныя пункты, дзе лясніцтвы з'яўляюцца аднымі з асноўных адміністрацыйных будынкаў, тым больш напярэдадні выбараў Прэзідэнта. У 58 адміністрацыйных будынках лесагаспадарчых устаноў адкрыюцца выбарчыя ўчасткі. Нам аказаны гонар праводзіць такое мерапрыемства ў будынках лясніцтваў і лясгасаў", - падкрэсліў Аляксандр Кулік.

Акрамя таго, у гэтым годзе ведамства будзе актыўна развіваць і ўладкоўваць дэндрапаркі. "Масава яны ствараліся, пачынаючы з 2008-2010 гадоў. Мы будзем займацца іх добраўпарадкаваннем, дапаўняць малымі архітэктурнымі формамі", - сказаў міністр.

Плошча ляснога фонду Беларусі складае 9 млн га і займае каля 40 працэнтаў тэрыторыі краіны.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі