Фота МУС
19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ад своечасовага абмену інфармацыяй залежыць аператыўнасць рэагавання на выклікі і пагрозы, заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, адкрываючы камандна-штабныя вучэнні на тэрыторыі Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў МУС.
Міністр адзначыў важнасць узаемадзеяння ўсіх дзяржаўных органаў, падкрэсліўшы, што ад своечасовага абмену інфармацыяй залежыць аператыўнасць рэагавання на выклікі і пагрозы. "Упэўнены, што важнейшыя задачы па забеспячэнні грамадскай бяспекі ў перыяд правядзення выбараў Прэзідэнта мы выканаем разам прафесійна і дастойна", - рэзюмаваў міністр.
На практычным этапе адпрацоўваліся алгарытмы спынення парушэнняў заканадаўства на ўчастку для галасавання. Правяралася гатоўнасць супрацоўнікаў міліцыі і прадстаўнікоў дзяржорганаў да дзеянняў пры ўзнікненні пазаштатных сітуацый. У тым ліку замахаў на членаў выбарчай камісіі.
"Мы павінны адпрацаваць магчымыя варыянты, разгледзець праблемныя пытанні і вызначыць дакладныя алгарытмы іх вырашэння. Асноўная мэта - выявіць і прыняць меры ў адносінах да кожнага экстрэміста, які робіць замах на правапарадак і бяспеку ў краіне, не дапусціць уцягвання грамадзян у проціпраўную дзейнасць. Маючыя адбыцца выбары павінны прайсці ў спакойнай абстаноўцы", - сказаў Іван Кубракоў.
Пасля звароту да ўдзельнікаў КШВ дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча з дакладамі выступілі намеснікі міністра, кіраўнікі падраздзяленняў МУС, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама, прадстаўнікі дзяржорганаў. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч, намеснік прэм'ер-міністра Віктар Каранкевіч, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, кіраўнік Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, кіраўнікі адміністрацый раёнаў сталіцы.
Як паведамлялася раней, з 19 па 22 лістапада па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пад эгідай Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова на тэрыторыі Беларусі праходзяць камандна-штабныя вучэнні з удзелам суб'ектаў дзяржаўнай сістэмы рэагавання. Мерапрыемствы ўключаюць тэарэтычную і практычную часткі. Этапы трэніровак запланаваны ў сталіцы, абласных і раённых цэнтрах. У ходзе вучэнняў праваахоўнікі прадэманструюць гатоўнасць да аператыўнага рэагавання на магчымыя ўскладненні абстаноўкі ў краіне ў час электаральнай кампаніі. Мэта ўводных задач - недапушчэнне праяў экстрэмізму і тэрарызму, уцягвання грамадзян у проціпраўныя дзеянні, спыненне парушэнняў грамадскага парадку.-0-
Фота МУС