Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 лістапада 2024, 18:28

Крутой расказаў, калі і як заканадаўча аформяць "настольную кнігу" для старшынь райвыканкамаў

Дзмітрый Крутой
Дзмітрый Крутой
19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новыя паўнамоцтвы старшынь райвыканкамаў, накіраваныя на павышэнне іх статусу і ўзмацненне іх ролі ў развіцці рэгіёнаў, будуць замацаваны ў новай рэдакцыі закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні. Аб гэтым паведаміў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой па выніках пасяджэння Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першапачаткова на разгляд Прэзідыума УНС быў вынесены праект указа аб новых паўнамоцтвах кіраўнікоў раёнаў, якія цяпер у асноўным распісаны ў базавым законе аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ад 2010 года.

Па выніках абмеркавання на пасяджэнні Прэзідыума УНС было прынята рашэнне не выдаваць новы ўказ, а падрыхтаваць новую рэдакцыю закона, каб сканцэнтраваць у адным дакуменце ўсё, што датычыцца работы старшынь райвыканкамаў, іх паўнамоцтваў, правоў і абавязкаў. Такім чынам, гэты закон у далейшым стане своеасаблівай канстытуцыяй для кіраўнікоў на месцах.

Усе навацыі - у адным законапраекце

"Прэзідыумам УНС быў адобраны наступны падыход. У нас ёсць закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні. Там цэлыя главы, раздзелы прысвечаны паўнамоцтвам, правам, кампетэнцыям і адказнасці мясцовых органаў улады. Прэзідэнтам даручана ў першым квартале 2025 года аператыўна дапрацаваць закон. Усе дадатковыя паўнамоцтвы будуць пакладзены ў гэты дакумент, у закон, і ў адным месцы старшыня райвыканкама зможа пачытаць як канстытуцыю, як настольную кнігу ўсе існуючыя ў яго паўнамоцтвы", - растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Дзмітрый Крутой, гаворачы аб падрыхтаваных навацыях на пасяджэнні Прэзідыума УНС, падкрэсліў, што моцныя рэгіёны вызначаны прыярытэтам наступнай пяцігодкі. І кіраўнік дзяржавы па выніках рэгіянальных паездак па краіне паставіў перад старшынямі райвыканкамаў шэраг актуальных задач, важнейшая з якіх - кадравае забеспячэнне рэгіёнаў. "Асноўная мэта - спыніць адток эканамічна актыўнага насельніцтва", - сказаў Дзмітрый Крутой. Актыўнае ўключэнне ў работу эканамічна незанятых грамадзян павінна стаць прыярытэтам у рабоце старшынь райвыканкамаў, падкрэсліў ён.Для падрыхтоўкі прапаноў аб змяненні нарматыўна-прававой базы ў частцы паўнамоцтваў кіраўнікоў раёнаў пры Адміністрацыі Прэзідэнта была створана рабочая група з 18 чалавек. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы палавіна са складу рабочай групы - дзеючыя або былыя старшыні райвыканкамаў (цяпер яны працуюць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і з'яўляюцца членамі Савета Рэспублікі). Магчымасць выказаць свае прапановы была прадастаўлена кіраўнікам усіх раёнаў.

Як расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, прапановы, што паступілі, датычыліся ў асноўным некалькіх сфер: бюджэту і фінансаў, будаўніцтва і добраўпарадкавання, работы з кадрамі.

Новыя паўнамоцтвы ў сферы бюджэту і фінансаў

"Старшыні райвыканкамаў чакаюць больш сур'ёзнай фінансавай падтрымкі. Блок "Бюджэт і фінансы" быў ключавым пры сённяшнім разглядзе", - растлумачыў Дзмітрый Крутой.

У частцы распараджэння бюджэтнымі і фінансавымі сродкамі прапануецца надзяліць старшынь райвыканкамаў правам распараджацца астаткамі сродкаў раённага бюджэту, якія ўтварыліся на пачатак бягучага фінансавага года. Але пры адной умове - не павінна быць даўгоў перад вышэйстаячым бюджэтам, а таксама пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці. У дапаўненне прапануецца таксама надзяліць іх правам распараджацца сродкамі рэзервовага фонду райвыканкама.

Адна з прапанаваных навацый датычыцца ажыццяўлення дзяржаўных закупак тавараў і паслуг з адной крыніцы - у арганізацый, больш за 25 працэнтаў маёмасці або акцый якіх знаходзіцца ў дзяржуласнасці.

Прапануецца таксама замацаваць норму аб тым, што пры фарміраванні бюджэтаў на 2025 і 2026 гады будзе захаваны аб'ём датацый па ўсіх узроўнях раённых бюджэтаў не ніжэшы за ўзровень 2024 года. Гэта значыць, ніжняя планка захаваецца на ўзроўні бягучага года, а ўсё, што раёны зарабілі звыш (і ў плане астаткаў, і ў плане рэзервовага фонду), старшыні райвыканкамаў змогуць выкарыстаць па сваім рашэнні.

Будучы эксперымент і магчымае падатковае пераразмеркаванне ў маштабах краіны

На пасяджэнні Прэзідыума УНС абмяркоўвалася пытанне магчымага падатковага пераразмеркавання ў маштабах усёй краіны, расказаў Дзмітрый Крутой. Ён адзначыў, што за апошнія 20 гадоў у Беларусі адбылася сур'ёзная цэнтралізацыя ключавых падаткаў, што, натуральна, уплывае на сістэму даціравання і сістэму субвенцый бюджэтаў як абласнога, так і раённага ўзроўняў. "Старшыні райвыканкамаў хацелі б пакідаць больш падаткаў ад тых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёнаў, - растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Улічваючы, што асноўныя плацельшчыкі (падаткаў. - Заўвага БЕЛТА) у сярэдніх раёнах - гэта сельскагаспадарчыя арганізацыі альбо арганізацыі лясной гаспадаркі, то ўвесь спектр падаткаў, пачынаючы ад падаходнага і заканчваючы ПДВ, яны хацелі б захаваць у сябе".

Прэзідэнт па выніках дыскусіі прапанаваў, як сказаў Дзмітрый Крутой, у пэўным сэнсе "саламонава рашэнне" - пакідаць у раёне ўсе падаткі, але толькі ад тых прадпрыемстваў, якія будуць створаны з 2025 года. І распаўсюдзіць дзеянне гэтай нормы, напрыклад, да 2030 года, гэта значыць на перыяд дзеяння наступнай праграмы пяцігодкі.

Сутнасць гэтай прапановы Дзмітрый Крутой растлумачыў так: "Новыя суб'екты гаспадарання, якія з'яўляюцца ў раёне, усе падаткі будуць плаціць у мясцовы бюджэт. Гэта будзе стымуляваць раённыя ўлады да адкрыцця такіх прадпрыемстваў, ажывіць ініцыятыву "Адзін раён - адзін праект". Бо такім чынам раёны дзеля атрымання дадатковых даходаў у бюджэт у выглядзе падаткаў будуць зацікаўлены стымуляваць адкрыццё малых, сярэдніх і буйных прадпрыемстваў, ствараць больш прывабныя ўмовы для інвестараў. Гэта прывядзе і да з'яўлення пэўнага спаборніцкага асяроддзя паміж раёнамі, да барацьбы за інвестараў.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу, што гэта ідэя пакуль унесена як прапанова, якую яшчэ давядзецца сур'ёзна абмеркаваць на розных узроўнях, у тым ліку ў рамках рабочай групы, і з прыцягненнем адпаведных спецыялістаў, каб ні ў якім разе не парушыць створаную сістэму бюджэтна-падатковай палітыкі. Бо нават на пасяджэнні Прэзідыума УНС старшыні аблвыканкамаў, абмяркоўваючы гэту тэму, выказвалі занепакоенасць наконт магчымага нераўнамернага развіцця раёнаў і ўзнікнення адтоку кадраў.

Дзмітрый Крутой запэўніў, што паспешных рашэнняў не будзе. Для пачатку плануецца праверыць дзеянне такіх змяненняў на ўзроўні пілотных раёнаў краіны, якія падабраны зыходзячы з падабенства па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, па колькасці насельніцтва, па існуючай структуры спажывання, па колькасці бюджэтных і камерцыйных арганізацый, па ўзроўні інвестыцыйнага ўдзелу. "Прыкладна трэць раёнаў (краіны. - Заўвага БЕЛТА) зможа ўдзельнічаць у гэтым эксперыменце, параметры якога яшчэ будуць вельмі сур'ёзна абмяркоўвацца спецыялістамі", - дадаў Дзмітрый Крутой.
Будаўніцтва і добраўпарадкаванне

Частка навацый, якія абмяркоўваліся, датычацца сферы будаўніцтва і добраўпарадкавання. У прыватнасці, размова ішла аб прыцягненні арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян з іх згоды да добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый за іх кошт або на ўмовах раўнадолевага ўдзелу. Як растлумачыў Дзмітрый Крутой, на гэты момант заканадаўча замацавана норма толькі аб падтрыманні належнага санітарнага стану (гэта, напрыклад, пакос травы, адсутнасць смецця і г.д.). А цяпер прапануецца дадаткова ўключыць тэрмін "добраўпарадкаванне", які значна шырэй.

Па ініцыятыве грамадзян у пералік навацый уключаны таксама пытанні, якія маюць лакальны характар, але вельмі важныя для мясцовых жыхароў. Напрыклад, рэалізацыя карысных выкапняў з унутрыгаспадарчых кар'ераў, размешчаных на тэрыторыі раёнаў. Цяпер гэта працэдура даволі бюракратызавана, складана атрымаць, напрыклад, пясок для вырашэння гаспадарчых, будаўнічых, бытавых патрэб. З прыняццем новых норм яна павінна быць істотна спрошчана і перададзена ў веданне мясцовых улад.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі