6 мая, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Старшыня ФПБ Міхаіл Орда разам з прафсаюзным актывам Гродзенскай вобласці і Дзятлаўскага раёна ўсклаў кветкі да абеліска Славы на сваёй малой радзіме ў Дзятлаве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нашай краіне няма такой сям'і, якую ні закранулі б падзеі тых страшэнных дзён. Загінуў кожны трэці беларус. Наш абавязак памятаць аб гэтым. У кожным раёне, кожным гарадку і вёсачцы нашай краіны ёсць абеліскі, помнікі, брацкія магілы. Толькі на маёй малой радзіме іх 96. Можа, яны і не самыя маштабныя, але вельмі значныя. Яны нагадваюць, што кожны куток нашай краіны ўнёс свой уклад у Вялікую Перамогу", - адзначыў Міхаіл Орда.
Абеліск Славы ўстаноўлены ў 1967 годзе ў гонар ваеннаслужачых, якія аддалі жыцці пры абароне Дзятлава ў 1941-м і вызваленні горада ў ліпені 1944-га. Размешчаныя побач мемарыяльныя пліты ўвекавечваюць памяць землякоў, якія загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе, расстраляных у перыяд ваеннага ліхалецця мірных жыхароў, а таксама чатырох вёсак, знішчаных разам з жыхарамі. Вайна забрала жыцці больш як 10 тыс. мірных жыхароў раёна, сярод якіх былі і старыя, і маленькія дзеці. Не вярнуліся дадому з фронту больш як 1,4 тыс. дзятлаўчан.
Штогод ля абеліска Славы прафсаюзы займаюцца добраўпарадкаваннем і азеляненнем тэрыторыі, абнаўляюць мемарыял. У час рэспубліканскага суботніка ў гэтым годзе прафсаюзныя актывісты раёна працавалі на тэрыторыі комплексу. У бягучым годзе ля мемарыяла плануецца ўстанавіць стэнд з інфармацыяй аб ходзе баявых дзеянняў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Гэта стане падарункам раёну да Дня Незалежнасці.
У рабоце па захаванні гістарычнай памяці ўдзельнічаюць прафсаюзныя арганізацыі ўсіх узроўняў. Усяго ў Беларусі пад іх шэфствам знаходзяцца больш за 4 тыс. воінскіх пахаванняў, брацкіх магіл, помнікаў і мемарыялаў.-0-