8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прадставіла агляд сітуацыі ў сферы занятасці і беспрацоўя ў студзені - верасні 2018 года ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
У якасці беспрацоўных на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на канец верасня 2018 года знаходзіліся 15 тыс. чалавек (на 45,1 працэнта менш, чым на канец верасня 2017 года).
Мяркуючы па статыстыцы за 9 месяцаў, беспрацоўныя сталі працаўладкоўвацца хутчэй. Сярэдні перыяд працаўладкавання скараціўся з 2,1 месяца ў студзені - верасні 2017 года да 1,6 месяца ў аналагічным перыядзе бягучага года. Пры гэтым калі раней мужчынам і жанчынам патрабаваўся аднолькавы перыяд для працаўладкавання (2,1 месяца), то цяпер мужчыны сталі знаходзіць работу хутчэй за жанчын - 1,5 супраць 1,8 месяца.
Скарацілася і сярэдняя працягласць беспрацоўя - з 4,1 месяца ў студзені - верасні 2017 года да 3,4 месяца ў аналагічным перыядзе 2018 года.
Сярод беспрацоўных 62,9 працэнта - мужчыны (64,2 працэнта раней). Найбольшая колькасць беспрацоўных мужчын - ва ўзросце 45-49 гадоў (1133 чалавекі на канец верасня 2018 года), 40-44 гады (1103). Сярод жанчын беспрацоўных больш за ўсё ва ўзросце 35-39 гадоў (688 чалавек) і 45-49 гадоў (687). Паводле даных Мінпрацы, 22,5 працэнта ўсіх беспрацоўных - моладзь ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў.
У Мінпрацы таксама адзначылі, што ў студзені-верасні попыт на рабочую сілу ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысіўся. На канец верасня ў органы працы, занятасці i сацыяльнай абароны паступілі даныя аб наяўнасці 79,2 тыс. вакансій, што склала 142,8 працэнта да аналагічнага перыяду 2017 года. Патрэбнасць у работніках па рабочых прафесіях склала 65,4 працэнта агульнага ліку вакансій супраць 60,3 працэнта на канец верасня 2017 года.-0-