Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 лістапада 2022, 13:55

Каледжы Беларусі перайшлі на новы фармат прафарыентацыйнай работы са школьнікамі

29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі актыўна ўкараняецца новы фармат прафарыентацыйнай работы са школьнікамі - "Навучэнец на дзень". Аб гэтым журналістам 29 лістапада паведаміла начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Святлана Бутрым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Акцыя "Навучэнец на дзень" прадугледжвае сумеснае навучанне школьнікаў і навучэнцаў каледжаў на працягу навучальнага дня ў вучэбна-вытворчых майстэрнях, на занятках вытворчага навучання па адной са спецыяльнасцей пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і майстроў. Такая форма прафарыентацыйнай работы знайшла шырокае распаўсюджванне ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы РІПА, Барысаўскім дзяржаўным каледжы, Вілейскім дзяржаўным каледжы і іншых установах адукацыі", - расказала Святлана Бутрым.

Паводле яе слоў, ва ўстановах прафадукацыі актыўна замацавалася такая форма прафарыентацыйнай работы, як прафесійныя суботы, калі каледжы праводзяць для школьнікаў дні адкрытых дзвярэй, квесты, батлы, прома-акцыі, у час якіх будучых абітурыентаў знаёмяць са спецыяльнасцямі, арганізоўваюць для іх прафесійныя пробы. "У мінулым навучальным годзе ў два разы павялічылася колькасць школьнікаў, уключаных у прафарыентацыйную работу. У шосты дзень тыдня праведзена больш за 4 тыс. мерапрыемстваў для больш як 100 тыс. школьнікаў, арганізавана каля 10 тыс. выязных мерапрыемстваў. Актыўна выкарыстоўваюцца практыка-арыентаваныя фарматы прафарыентацыйнай работы, якія садзейнічаюць фарміраванню і развіццю прафарыентацыйных кампетэнцый навучэнцаў, забяспечваюць іх самастойны і адказны выбар прафесіі, пабудову адукацыйнай і прафесійнай траекторыі", - адзначыла начальнік цэнтра.

Акрамя таго, добра зарэкамендавала сябе акцыя "Прафарыентацыйныя канікулы з каледжамі", якая праводзіцца для школьнікаў у канікулярны час. Яна ўключае цыклы розных практыка-арыентаваных адукацыйных мерапрыемстваў, дзе арганізуюцца майстар-класы, прафесійныя пробы, квесты, прафарыентацыйныя экскурсіі, накіраваныя на азнаямленне школьнікаў з запатрабаванымі на рынку працы спецыяльнасцямі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі