Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 лютага 2012, 13:31

Ю.Жадобін: другая батарэя ЗРК "Тор-М2" паступіць на ўзбраенне да канца года

21 лютага, Мінск /Віталь Пятровіч - БЕЛТА/. Другая батарэя зенітна-ракетнага комплексу "Тор-М2" паступіць на ўзбраенне 120-й зенітна-ракетнай брыгады Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання да канца 2012 года. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі заявіў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Юрый Жадобін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, дагавор з расійскім бокам на пастаўку другой батарэі ўжо заключаны. "У перспектыве, да канца 2013 года мы будзем мець на ўзбраенні 120-й зенітна-ракетнай брыгады Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання зенітна-ракетны дывізіён, які будзе цалкам абсталяваны ЗРК "Тор-М2", - расказаў Юрый Жадобін.

Першая батарэя ЗРК "Тор-М2" прыбыла ў Беларусь у канцы 2011 года. "Тор-М2" - прадстаўнік новага пакалення баявых сродкаў ППА малой далёкасці. Зенітны ракетны комплекс забяспечвае эфектыўную проціпаветраную абарону ваенных і грамадзянскіх аб'ектаў. Ён з'яўляецца эфектыўным сродкам паражэння самалётаў, верталётаў, аэрадынамічных беспілотных лятальных апаратаў, кіруемых ракет і іншых элементаў высокадакладнай зброі, якія ляцяць на сярэдніх, малых і максімальна малых вышынях у складанай паветранай і з перашкодамі абстаноўцы. Комплекс вызначаецца павышанай эфектыўнасцю адбіцця масіраваных налётаў сучасных сродкаў паветранага нападзення ва ўмовах агнявога і радыёэлектроннага процідзеяння. "Тор-М2" здольны выконваць баявыя задачы ў любых кліматычных умовах.

Батарэя ЗРК "Тор-М2" у складзе чатырох баявых машын здольна адначасова паразіць 16 цэлей, якія ляцяць з любых напрамкаў са скорасцю да 700 м/с на далёкасці да 12 км і вышыні да 10 км у любых умовах надвор'я днём і ноччу. Высокая баявая эфектыўнасць таксама дасягаецца за кошт цалкам новага алгарытму ўзаемадзеяння паміж машынамі, працуючымі ў пары. Яны актыўна абменьваюцца баявой інфармацыяй, самі размяркоўваюць цэлі паміж сабой. Сістэмы поўнасцю аўтаматызаваны, удзел чалавека зведзены да мінімуму.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі