Навіны сюжэта
"Праект "Краіна гаворыць""
1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць" расказалі, ці значна абнавіліся ўчастковыя камісіі на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
"Дасканала ведаць Выбарчы кодэкс для члена ўчастковай камісіі вельмі важна, - сказаў старшыня Магілёўскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Яўген Алекса. - Кожны член камісіі, які падбіраўся ў яе склад, каго вылучалі грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, - таксама з улікам гэтага моманту. Гэта значыць, які ў чалавека ёсць жыццёвы, прафесійны вопыт, ці ёсць вопыт работы ў якасці члена або ўчастковай, або тэрытарыяльнай камісій. Безумоўна, усе гэтыя моманты станоўчую ролю адыгрывалі ў арганізацыі работы той ці іншай камісіі".
Як удакладніў старшыня Мінскай гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта Аляксандр Шчаковіч, ва ўчастковых камісіях, зразумела, мяняюцца як члены, так і старшыні. "Але касцяк працуе. Гэта больш прафесійныя людзі, таму што прайшлі не адну выбарчую кампанію і разумеюць, як зрабіць, каб не было пытанняў у выбаршчыкаў. Але вось "нашы калегі" з БДІПЧ АБСЕ па вопыце іх удзелу ў папярэдніх выбарчых кампаніях успрымалі гэта як пабрацімства, якое прысутнічае на ўчастках", - адзначыў ён.
Начальнік аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы апарату Цэнтральнай выбарчай камісіі Алена Грыгаровіч дадала, што ва ўчастковых камісіях традыцыйна больш жанчын.
"На прэс-канферэнцыі кіраўніка ЦВК 27 студзеня старшыня Панафрыканскага парламента сказаў такія словы: для нас было вельмі дзіўна, калі мы прыходзілі на ўчасткі, бачыць вялікую колькасць жанчын, якія працуюць у камісіях. Для нас гэта прыкмета даверу. Мы давяраем, таму што жанчына падмануць не можа. Гэта было сказана абсалютна адкрыта. Гэта выклікае, з аднаго боку, іронію, а з іншага - мы разумеем, наколькі мы правільна і з гэтага пункту гледжання фарміруем камісіі", - падкрэсліў начальнік Цэнтра па рабоце з насельніцтвам і выбарчым працэсе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, член Навукова-экспертнага савета пры ЦВК Андрэй Белякоў.
Прадстаўнік Цэнтра грамадскага назірання за выбарамі, другі сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Іваненка расказаў пра ўдзел моладзі ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. "Нам задавалі пытанне, як Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі прадстаўлены. І мы гаварылі, што 3200 чалавек - гэта члены ўчастковых камісій, а 4600 - нацыянальныя наглядальнікі. Тут дакладная пазіцыя ёсць і разуменне. Вось гэту моладзь, якая цікавіцца палітыкай, якая ў далейшым хацела б паспрабаваць сябе ўжо ва ўдзеле ў электаральнай кампаніі, але не ў якасці наглядальніка, а ў якасці члена ўчастковай, тэрытарыяльнай камісіі і гэтак далей, нам неабходна вось гэтыя 4600 прапусціць наглядальнікамі, атрымаць вопыт і потым ужо з іх атрымліваюцца вось гэтыя 3200, - адзначыў ён. - Таму тое, як хутка абнаўляюцца ўчастковыя камісіі, залежыць у тым ліку і ад таго, наколькі часта мяняюцца нацыянальныя наглядальнікі. Раз-два паназіралі, атрымалі вопыт, разуменне ўсіх працэсаў і ўжо на трэцюю выбарчую кампанію грамадскае аб'яднанне можа цалкам прэтэндаваць на тое, каб гэтага чалавека вылучаць у склад адпаведнай камісіі".-0-
