Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 лютага 2013, 08:25

ХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адкрываецца сёння для наведвальнікаў

6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адкрываецца сёння ў нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На юбілейнай МКВК плануецца падвесці вынікі Года кнігі, пад знакам якога ў Беларусі прайшоў 2012 год. Дэвіз форуму "Чытаючы кнігу, знаходзіш сябе!"

Ганаровым госцем ХХ выстаўкі-кірмашу ў Мінску стала Расія, Цэнтральным экспанентам - Іран. Чакаецца, што ўсяго ў юбілейнай выстаўцы прымуць удзел кнігавыдаўцы з рэкорднай колькасці краін - 25. У тым ліку з Азербайджана, Арменіі, Венесуэлы, Германіі, Індыі, Італіі, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Малдовы, Польшчы, Славакіі, ЗША, Фінляндыі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Украіны, Францыі. Упершыню на выстаўцы будуць прадстаўлены кнігавыданні Палесціны і Сербіі..

У дні выстаўкі-кірмашу наведвальнікаў і спецыялістаў чакаюць прэзентацыі кніг, сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, прафесійныя нарады і семінары, круглыя сталы, розныя акцыі. Так, выдавецкі дом "Звязда" прэзентуе літаратурны праект "Сугучнасць сэрцаў", прымеркаваны да старшынства Беларусі ў СНД у 2013 годзе. Будзе выдадзена серыя кніг, якія адлюстроўваюць літаратурную творчасць апошніх 20 гадоў - Беларусі і па чарзе іншых краін СНД. У першую кнігу, якую прадставяць на выстаўцы ў Мінску, увайшлі творы пісьменнікаў Беларусі і Расіі. Акрамя таго, на калектыўным стэндзе Міністэрства інфармацыі на выстаўцы "2013 год - Год экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя" будуць дэманстравацца лепшыя кнігі краін СНД па экалагічнай тэматыцы.

На стэндах беларускіх дзяржаўных выдавецтваў і ў зале прэзентацый, размешчаным на калектыўнай экспазіцыі Мінінфарма, чытачоў чакаюць сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, якія арганізуюцца выдавецтвамі "Мастацкая літаратура", "Четыре четверти", выдавецкім домам "Звязда", Саюзам пісьменнікаў Беларусі, іншымі ўдзельнікамі выстаўкі. З гасцямі сустрэнуцца Мікалай Чаргінец, Алесь Марціновіч, Раіса Баравікова, Уладзімір Ліпскі, Мікалай Мятліцкі, Віктар Шніп, Сяргей Тархімёнак, Анатоль Бутэвіч, Валянціна Паліканіна і іншыя.

Другі паверх НВЦ "Белэкспа" стане асноўнай экспазіцыйнай і прэзентацыйнай пляцоўкай выдавецтва Беларускага Экзархата Маскоўскага Патрыярхата.

Упершыню ў час кірмашу на другім паверсе павільёна НВЦ "Белэкспа" будзе кожны дзень працаваць АРТпаверх "Таінства кніжных старонак". Тут будзе прадстаўлена, у прыватнасці, экспазіцыя кніг - лаўрэатаў рэспубліканскага і нацыянальнага конкурсаў "Мастацтва кнігі" - да 20-годдзя мінскага кірмашу.

ХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш прадоўжыць работу да 10 лютага ўключна.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі