Сцяг Пятніца, 27 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 снежня 2024, 12:36

Галоўчанка ўсклаў кветкі да мемарыяла "Дзецям - ахвярам вайны" ў Жлобінскім раёне

7 снежня, Жлобінскі раён /Кар. БЕЛТА/.Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўсклаў кветкі на абноўленым мемарыяле "Дзецям - ахвярам вайны" ў Жлобінскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта месца называюць дзіцячай Хатынню. Тут, на тэрыторыі пасёлка Чырвоны Бераг, нямецка-фашысцкія захопнікі ў канцы мая - пачатку чэрвеня 1944 года арганізавалі дзіцячы зборны накапляльны пункт. Сюды насільна звозілі дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Іх выкарыстоўвалі ў якасці донараў - бралі кроў для параненых нямецкіх салдат і афіцэраў. Тых, хто выжываў пасля страшнай працэдуры, забіралі паяздамі ў Германію для анямечвання, рабочай сілы.

Як нагадаў дырэктар Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Артур Карчэўскі, у памяць аб ахвярах тых страшных падзей у чэрвені 2007 года быў адкрыты мемарыяльны комплекс. У канцы 2023 года Гомельскі аблвыканкам прыняў рашэнне правесці бягучы рамонт мемарыяла і прылеглай тэрыторыі, а таксама ўзвесці новы будынак музея.
У час рамонту замянілі плітачнае пакрыццё на асноўнай алеі мемарыяла, на "Плошчы сонца" і прамянях, адрэстаўравалі "Караблік", абнавілі карту Беларусі, аднавілі малюнкі-вітражы, а таксама выканалі шмат іншых работ, расказаў Артур Карчэўскі.

Удзельнікі цырымоніі ўспомнілі аб трагедыі дзяцей вайны, да бронзавай фігуры кволай дзяўчынкі-падлетка з паднятымі над галавой знясіленымі рукамі, якая нібыта абараняецца ад усіх жахаў вайны, усклалі кветкі. Пунсовыя гваздзікі паклалі і на школьныя парты пустога класа.
Унікальны помнік смутку - мемарыяльны комплекс "Дзецям - ахвярам вайны" не мае аналагаў не толькі ў Беларусі, але і ў краінах замежжа. Кожная дэталь комплексу алегарычна і сімвалічна сведчыць аб украдзеным вайной дзяцінстве.-0-
Фота Сяргея Халадзіліна
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі