Сцяг Чацвер, 2 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 студзеня 2022, 15:20

Флікеры і асцярожнасць: ДАІ просіць нагадаць дзецям аб правілах на зімовай дарозе

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя просіць бацькоў нагадаць дзецям аб дарожнай бяспецы ў зімовы перыяд, паведамілі БЕЛТА ва УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

"Паважаныя бацькі, сталічная Дзяржаўтаінспекцыя заклікае вас яшчэ раз нагадаць правілы бяспекі на дарозе ў зімовы перыяд. Галоўнае правіла паводзін на дарозе зімой - павышаная асцярожнасць. Дзеці рэдка акцэнтуюць увагу на спецыфічных "зімовых" небяспеках, таму растлумачце дзіцяці, чаму на зімовай дарозе неабходна асаблівая ўвага, - адзначылі ў ведамстве. - Вучыце дзяцей бяспечным паводзінам на дарозе сваім станоўчым прыкладам".

Зімой дзень карацейшы, цямнее рана і вельмі хутка. Прыцемкам і ў цемнаце значна пагаршаецца бачнасць. Таму дзецям трэба нагадваць, што ў такіх умовах трэба быць асабліва ўважлівымі і неабходна выкарыстоўваць флікеры.

Яркае зімовае сонца часам можа перашкаджаць пры пераходзе дарогі - ствараецца эфект блікаў. Таму ў такое надвор'е трэба быць вельмі ўважлівымі.

У галалёд павышаецца верагоднасць "юза", заносу аўтамабіля, а самае галоўнае - непрадказальна падаўжаецца тармазны шлях. Таму звычайную бяспечную адлегласць для пешахода да машыны трэба павялічыць у некалькі разоў.

Цёплае зімовае адзенне перашкаджае свабодна рухацца, скоўвае рухі. Паслізнуўшыся, у такім адзенні больш складана ўтрымаць раўнавагу. Акрамя таго, капюшоны, каўняры і зімовыя шапкі перашкаджаюць не толькі агляду, але і пагаршаюць чутнасць - што тоіць у сабе небяспеку не пачуць гук аўтамашыны.

"Тлумачце дзіцяці, што не трэба стаяць побач з заведзенай машынай. З-пад колаў могуць вылецець кускі лёду і камяні. Машына можа нечакана вырвацца са снежнага палону і рвануць у любы бок. Акрамя таго, звярніце ўвагу школьнікаў на асаблівасці карыстання грамадскім транспартам. Слізкія падыходы да прыпынкаў грамадскага транспарту - крыніца павышанай небяспекі", - растлумачылі праваахоўнікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі