Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 студзеня 2021, 15:38

Больш за 2,5 млн дрэў і кустоў высадзілі ў населеных пунктах Беларусі за тры гады

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 2,5 млн дрэў і кустоў высадзілі ў населеных пунктах Беларусі за тры гады. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Свідзінскі падчас круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"У Беларусі 2018-2020 гады праходзілі пад знакам Года малой радзімы. У гэты перыяд праводзілася глабальная экалагічная кампанія "Уладкуем малую радзіму". Асаблівая ўвага ўдзялялася пытанням азелянення і добраўпарадкавання. З актыўным удзелам мясцовых жыхароў у 2018-2020 гадах у населеных пунктах высаджана больш за 2,5 млн дрэў і кустоў, добраўпарадкавана больш за 8670 спартыўных і гульнявых дзіцячых пляцовак", - сказаў Мікалай Свідзінскі.

Штогод у Беларусі фарміруецца рэспубліканскі план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі. Ён ахоплівае практычна ўсе віды гаспадарчай дзейнасці, якія ў той ці іншай меры аказваюць негатыўны ўплыў на прыродныя кампаненты. Паводле слоў прадстаўніка Мінпрыроды, у 2020 годзе заданні рэспубліканскага плана былі выкананы ў поўным аб'ёме. Дзякуючы прынятым мерам за мінулы год плошча азялененых тэрыторый у гарадах і райцэнтрах павялічылася больш як на 3 тыс. га. Узровень азелянення дасягнуў патрабуемых 40 працэнтаў у 110 гарадах і райцэнтрах (83 працэнты ад іх агульнай колькасці).

Акрамя таго, у 2020 годзе добраўпарадкавана 2675 прыдамавых тэрыторый, уключаючы спартыўныя і гульнявыя дзіцячыя пляцоўкі, адрамантавана 3,6 млн кв.м вулічна-дарожнай сеткі, добраўпарадкавана, адрамантавана і рэканструявана 396 га газонаў. "Таксама мы рэгулявалі распаўсюджванне і колькасць баршчэўніка Сасноўскага, яго плошча зменшылася на 353,4 га (на 7,7 працэнта). Праводзіліся і работы па добраўпарадкаванні зон і месцаў адпачынку, тэрыторый мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і іншых памятных мясцін", - адзначыў Мікалай Свідзінскі.

Глабальная экалагічная кампанія "Уладкуем малую радзіму" пад эгідай Мінпрыроды стартавала вясной 2018 года. Асноўная яе ідэя ў тым, што кожны жыхар або арганізацыя могуць унесці пасільны ўклад у добраўпарадкаванне сваёй малой Радзімы - горада, раёна, жылога двара, бліжэйшага парку або сквера. Гэта можа быць прыбіранне смецця, пасадка дрэў або кустоў, афармленне кветнікаў, добраўпарадкаванне дзіцячай пляцоўкі, фарбаванне агароджы і лавак, арганізацыя кантэйнераў, падтрыманне ў належным стане і добраўпарадкаванне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы і г.д. Экалагічная кампанія таксама ўключае правядзенне суботнікаў, экалагічных акцый і іншых мерапрыемстваў па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі