Сцяг Субота, 6 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 кастрычніка 2025, 15:12

Белгідрамет: у Беларусі ўсталюецца халаднаватае і сырое надвор'е
 

13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі на гэтым тыдні ўсталюецца халаднаватае і сырое надвор'е. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Восень трывала і ўпэўнена ўступіць у свае правы і праявіць не самыя лепшыя рысы характару. Усталюецца халаднаватае і сырое надвор'е, - адзначылі ў Белгідрамеце. - У бліжэйшыя трое сутак (14-16 кастрычніка) пад уплывам атмасферных франтоў і няўстойлівых паветраных мас паўночных шырот у многіх раёнах краіны пройдуць ападкі - дождж, мокры снег. Тэмпературны фон у начныя гадзіны складзе плюс 1-7 градусаў".

У сераду і чацвер, 15-16 кастрычніка, пры ўмове праясненняў не выключаны замаразкі ад нуля да мінус 2 градусаў. Дзённыя максімумы будуць знаходзіцца ў межах 4-11 градусаў, толькі 16 кастрычніка ў выніку паступлення больш цёплага паветра з Заходняй Еўропы месцамі па захадзе рэспублікі паветра прагрэецца да 13 градусаў.

У аўторак, 14 кастрычніка, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, магчымы мокры снег). Тэмпература паветра мінімальная ноччу складзе плюс 1-6, максімальная днём - 4-10 градусаў.

У сераду, 15 кастрычніка, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца ападкі (дождж, мокры снег). Ноччу і раніцай месцамі можа быць слабы галалёд. Тэмпература паветра мінімальная ноччу прагназуецца 1-5 градусаў вышэй за нуль, пры праясненнях магчымы замаразкі ад нуля да мінус 2 градусаў. Максімальная тэмпература паветра днём - плюс 4-11 градусаў.

У чацвер, 16 кастрычніка, на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, ноччу з мокрым снегам). Ноччу і раніцай месцамі могуць быць слабыя туман і галалёд. Тэмпература паветра мінімальная ноччу - плюс 1-7 градусаў, пры праясненнях замаразкі ад нуля да мінус 2 градусаў. Днём паветра прагрэецца да 6-13 градусаў.

"У пятніцу і суботу, 17-18 кастрычніка, чарговыя франтальныя раздзелы прынясуць новыя порцыі ападкаў у большасць раёнаў краіны. Пры гэтым адвекцыя больш цёплай паветранай масы распаўсюдзіцца на большую частку тэрыторыі краіны, тэмпературны фон павысіцца паўсюдна і будзе каля сярэдніх шматгадовых значэнняў (кліматычная норма другой дэкады кастрычніка - 5,9-8,4 градуса). Чакаюцца дажджы", - расказалі сіноптыкі.

Так, у пятніцу, 17 кастрычніка, кароткачасовыя дажджы пройдуць на большай частцы тэрыторыі краіны. Ноччу і раніцай месцамі можа быць слабы туман. Тэмпература паветра мінімальная ноччу - 3-9, максімальная днём 7-14 градусаў. У суботу, 18 кастрычніка, на большай частцы тэрыторыі рэспублікі прагназуюцца дажджы. Тэмпература паветра мінімальная ноччу - плюс 2-9, максімальная днём - 5-12 градусаў цяпла.

У нядзелю, 19 кастрычніка, атмасферныя франты пакінуць тэрыторыю краіны і з ростам атмасфернага ціску дажджы прымуць лакальны характар. "Разам з тым услед за франтальнымі раздзеламі пачне паступаць халодная паветраная маса з паўночнага захаду Еўропы. Тэмпературны фон зноў панізіцца, а ападкі стануць ісці ў змешанай фазе (дождж, магчымы мокры снег). У начныя гадзіны ў многіх раёнах краіны чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус 5 градусаў, месцамі мінімальная тэмпература паветра складзе плюс 1-5, а максімальныя значэнні тэмпературы паветра днём будуць у  межах 3-10 градусаў", - расказалі ў Белгідрамеце.

Пры ваганнях тэмпературнага фону ў начныя і ранішнія гадзіны ў вільготным паветры месцамі па краіне будуць адзначацца непрацяглыя туманы і слабыя галалёдныя з'явы.

У нядзелю, 19 кастрычніка, будзе пераважна без ападкаў, толькі ноччу месцамі па ўсходзе, а днём па поўначы краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, магчымы мокры снег). Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Ноччу ў многіх раёнах прагназуюцца замаразкі ад нуля да мінус 5 градусаў. Месцамі мінімальная тэмпература паветра складзе плюс 1-5, максімальная днём - 3-10 градусаў цяпла.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі