Фота з архіва
12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дажджы, якія прайшлі напярэдадні, увільгатнілі глебу ў заходняй частцы краіны, што палепшыла тут аграметэаралагічныя ўмовы для сяўбы і далейшага развіцця азімых культур. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
"Запасы прадукцыйнай вільгаці ў ворным гарызонце пад азімымі культурамі, а таксама на палях, прызначаных пад азімую сяўбу, на значнай тэрыторыі Беларусі здавальняючыя, а ў многіх раёнах паўднёвай паловы краіны - нізкія. На высушаных глебах складваюцца неспрыяльныя ўмовы для апрацоўкі і правядзення сяўбы, прарастання зерня і з'яўлення ўсходаў азімых культур. На большай частцы тэрыторыі цэнтральнага рэгіёна і ў паўночна-ўсходняй частцы краіны запасы вільгаці застаюцца яшчэ добрыя", - расказалі ў Белгідрамеце.
Паводле прагнозаў аграметэаролагаў, у бліжэйшы час з-за нераўнамернага размеркавання ападкаў у многіх раёнах усходняй паловы краіны недахоп глебавай вільгаці можа захавацца.-0-
