Сцяг Панядзелак, 23 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 мая 2021, 14:09

Беларусам прапанавалі прайсці апытанне аб вакцынацыі

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На сайце Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя ўсе жадаючыя могуць прайсці апытанне "Што вы ведаеце аб вакцынацыі?", паведаміла БЕЛТА ўрач-эпідэміёлаг загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі цэнтра Марына Качкан.

Рэспандэнтам прапануецца адказаць на сем пытанняў, у тым ліку адносна прафілактычных прышчэпак супраць COVID-19. Апытанне, якое дасць магчымасць вывучыць стаўленне беларусаў да вакцынацыі, даступна да 10 чэрваеня 2021 года.

Паводле слоў Марыны Качкан, рады актыўных прыхільнікаў абавязковай вакцынацыі насельніцтва растуць, зрэшты, ёсць і апаненты, якія выступаюць супраць прышчэпак. "Сёння ўсё больш бацькоў ухіляецца ад прышчэпак свайму дзіцяці пад маркай хваробы альбо зусім адмаўляецца ад працэдуры без тлумачэння прычын. Проціпаказанні да прышчэпак, вядома, ёсць, аднак іх зусім няшмат. У выніку такіх паспешных адмоў першай мішэнню для інфекцыйных захворванняў, як правіла, становяцца дзеці, для абароны якіх перш за ўсё прышчэпкі і прызначаны", - адзначыла ўрач-эпідэміёлаг.

Яна лічыць, што да фарміравання і распаўсюджвання памылак нярэдка прыводзіць няправільная трактоўка інфармацыі аб вакцынацыі абывацелямі.

Разам з тым вакцынацыя прадухіляе развіццё захворвання, і калі прышчэпленых становіцца большасць, за кошт сфарміраванага калектыўнага імунітэту зніжаецца інтэнсіўнасць цыркуляцыі узбуджальнікаў, у выніку чаго адбываецца рэгіянальная ліквідацыя захворвання, заўважыла Марына Качкан. Факты пацвярджаюць, што пры зніжэнні ахопу насельніцтва прышчэпкамі колькасць захворванняў на адзёр, коклюш і іншыя кіруемыя інфекцыі няўмольна расце.

У Беларусі імунізацыя з'яўляецца даступнай і бясплатнай працэдурай для ўсіх жадаючых. Усе вакцыны, якія выкарыстоўваюцца, зарэгістраваны і адобраны да прымянення Міністэрствам аховы здароўя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі