Сцяг Чацвер, 2 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 мая 2022, 14:42

Арыенціры дзяцінства: праграму павышэння кваліфікацыі выхавальнікаў дзіцячых садоў у галіне патрыятызму распрацуюць для Мінскай вобласці

5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі распрацуе праграму павышэння кваліфікацыі выхавальнікаў дзіцячых садоў "Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі". Аб гэтым паведаміла намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Антаніна Абалевіч у час форуму педагогаў дашкольнай адукацыі "Арыенціры дзяцінства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Павысіць кваліфікацыю ў галіне патрыятычнага выхавання змогуць педагогі дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці. "Неабходна звярнуць увагу на павышэнне якасці метадычнай работы з педагогамі ў мэтах павышэння іх прафесійнай кампетэнтнасці ў пытаннях грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дзяцей. Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі пачаў распрацоўку праграмы павышэння кваліфікацыі выхавальнікаў дашкольнай адукацыі "Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі". Да 1 жніўня 2022 года раённым вучэбна-метадычным кабінетам неабходна распрацаваць праграму раённага метадычнага аб'яднання загадчыкаў і намеснікаў загадчыкаў "Кіраўнік установы дашкольнай адукацыі як лідар у рэалізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання", - праінфармавала Антаніна Абалевіч.

Больш за 100 кіруючых работнікаў і спецыялістаў сістэмы дашкольнай адукацыі сталічнага рэгіёна прымаюць удзел у III форуме педагогаў дашкольнай адукацыі "Арыенціры дзяцінства", які праходзіць 5 мая на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. На мерапрыемстве абмяркоўваюцца пытанні выхавання асноў грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей дашкольнага ўзросту. "У сучасных сацыякультурных умовах адным з асноўных складнікаў выхавання дзяцей і моладзі з'яўляецца грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства і дзяржавы ў цэлым. У Год гістарычнай памяці актуальным для грамадства з'яўляюцца пытанні захавання правільнай інфармацыі, звязанай з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны і паважлівага стаўлення да гісторыі свайго народа, у першую чаргу сярод падрастаючага пакалення. І пачынаць гэту работу трэба з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Бо сфарміраваныя ў дашкольным узросце каштоўнасныя адносіны да навакольнага свету, роднай краіны дзіця пранясе праз усё жыццё, а набытыя ў далейшым веды будуць накладацца на гэтыя адносіны і, безумоўна, з нашых дашкалят вырастуць сапраўдныя патрыёты", - адзначыла намеснік начальніка аддзела.

Задачы патрыятычнага выхавання вызначаны вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі і вырашаюцца педработнікамі ў працэсе спецыяльна арганізаваных заняткаў і нерэгламентаванай дзейнасці ў кожнай з узроставых груп выхаванцаў. Педагогі выкарыстоўваюць такія сродкі патрыятычнага выхавання, як гульня, мастацкая літаратура, музыка, выяўленчае мастацтва, святы, якія адзначаюцца ў краіне і дзіцячым садзе. У шэрагу дашкольных устаноў зроблены акцэнт на дзіцячую мастацкую літаратуру, асабліва на беларускай мове, як на адзін з эфектыўных сродкаў фарміравання асноў грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей з ранняга ўзросту. "Мы знаёмім дзяцей з гісторыяй і культурай беларускага народа, прывіваем любоў да беларускай мовы. У шэрагу раёнаў зроблены акцэнт на гэты сродак выхавання. Так, творчай групай педагогаў Маладзечанскага раёна была створана серыя аўтарскіх мультфільмаў на аснове зместу некалькіх беларускіх казак і забавак. Работа ажыццяўлялася ў рамках мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання "Дня роднай мовы" ў лютым бягучага года", - канстатавала Антаніна Абалевіч.

На форуме адзначалася, што адной з асноўных умоў патрыятычнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі з'яўляецца цеснае ўзаемадзеянне з іх законнымі прадстаўнікамі і павышэнне грамадзянска-прававой культуры інстытута сям'і. "Гэта павінна стаць адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці педагагічнага работніка. Бо на яскравых прыкладах свайго жыцця, працы, адносін да дзяржавы дарослыя - бацькі - дэманструюць дзіцяці, што на яго ўскладаюць надзеі не толькі родныя, але і грамадства ў цэлым. І важна, каб дзеці як мага раней убачылі "грамадзянскае аблічча" сваёй сям'і, таму што дашкольны ўзрост з'яўляецца вызначальным у развіцці асобы", - рэзюмавала кіраўнік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі