Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 лістапада 2024, 14:07

Аб удзеле Беларусі ў развіцці новых міжнародных транспартных калідораў расказалі ў Мінтрансе

Фота з архіва
Фота з архіва
19 лістапада, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Намеснік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Сяргей Дубіна на форуме "Транспартны тыдзень" у Маскве расказаў аб удзеле нашай краіны ў развіцці новых міжнародных транспартных калідораў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сфарміраваныя на працягу дзесяцігоддзяў транспартна-лагістычныя патокі Еўразіі ў выніку геапалітычнага форс-мажору былі кардынальна перабудаваны і пераарыентаваны пераважна на ўсход і поўдзень. З кожным годам важнасць міжнародных транспартных калідораў для развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі і рэгіёнамі ўзрастае. На фоне павелічэння аб'ёмаў перавозак паміж Азіяй і краінамі ЕАЭС усё больш актуальнай становіцца задача павелічэння прапускной здольнасці міжнародных транспартных калідораў, у тым ліку міжнароднага транспартнага калідора Поўнач-Поўдзень", - сказаў Сяргей Дубіна на пленарнай дыскусіі "Транспартнае супрацоўніцтва "СНД плюс": узаемазвязанасць, устойлівасць, эфектыўнасць".

Паводле яго слоў, у напрамку паўночнага захаду Расіі беларускімі грузаадпраўшчыкамі для вывазу грузаў задзейнічаны парты Ленінградскай вобласці і Вялікага порта Санкт-Пецярбурга, якія забяспечваюць перапрацоўку асноўнага аб'ёму грузаў. "Цяпер дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з расійскімі партнёрамі рэалізуецца шэраг праектаў па развіцці партовай інфраструктуры Вялікага порта Санкт-Пецярбурга ў Мурманскай вобласці, - паведаміў намеснік міністра. - У галіне чыгуначнай інфраструктуры рэалізуюцца мерапрыемствы па мадэрнізацыі і развіцці ўчасткаў чыгуначнай інфраструктуры ў напрамку партоў паўночнага захаду Расіі, што дасць магчымасць забяспечыць у поўнай меры патрэбнасці нашых грузаадпраўшчыкаў".

Ён таксама адзначыў развіццё мультымадальных перавозак грузаў. "У рамках развіцця міжнароднага транспартнага калідора Поўнач-Поўдзень забяспечана адпраўка двух кантэйнерных паяздоў па маршруце Беларусь - Расія - Азербайджан, далей - аўтамабільным транспартам па тэрыторыі Ірана з пагрузкай на марское судна ў порце Бэндэр-Абас да індыйскіх партоў Мундра і Нава-Шэва. Сёння з Беларусі ў Кітай, Іран, Індыю і іншыя краіны азіяцкага рэгіёна з удзелам міжнароднага транспартнага калідора Поўнач-Поўдзень чыгуначным транспартам перавозіцца не так ужо шмат грузаў. Адзначу, што любы лагістычны праект можа задзейнічаць свой патэнцыял, пастаянна павышаючы канкурэнтаздольнасць. Вядома, дастаўка тавараў па калідоры Поўнач-Поўдзень з улікам шматлікіх перагрузаў з аднаго віду транспарту на другі павышае рызыкі падаражэння перавозкі. Менавіта таму так важна выбудоўванне эфектыўнай лагістыкі ў фарміраванні комплексных ставак на ўвесь шлях руху па калідоры, спрашчэнне розных працэдур, што ў выніку дасць магчымасць дасягнуць істотнага прыросту работы на ўсіх участках гэтага маршруту", - упэўнены Сяргей Дубіна.

"У мэтах нарошчвання перавозак у новых напрамках Беларусь у бягучым годзе далучылася да мемарандума аб узаемаразуменні і развіцці міжнароднага транспартнага калідора Беларусь - Расія - Казахстан - Узбекістан - Афганістан - Пакістан. У мэтах развіцця калідора плануем у бягучым годзе падпісаць з Пакістанам пагадненне па аўтамабільных перавозках, што надасць імпульс развіццю мыльтымадальных перавозак у названым напрамку", - дадаў намеснік міністра.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі