Сцяг Субота, 6 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 жніўня 2025, 13:43

Закрыццё магазінаў у вёсцы, завышэнне зарплаты кіраўніцтва. Лукашэнка раскрытыкаваў работу Белкаапсаюза

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах краіны раскрытыкаваў работу Белкаапсаюза, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Асобным пытаннем на нарадзе сталі вынікі работы Белкаапсаюза. Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэтай арганізацыі неаднаразова выдзялялася дзяржаўная падтрымка. Толькі на паліва для аўтакрам у гэтым годзе выдзелена Br1,3 млн. "Калі вы і далей плануеце так арганізоўваць гандаль Белкаапсаюза, гэта вам будзе сур'ёзны мінус. Мы што, паліва павінны для гандлю закупляць? Гэтых "цудаў" яшчэ не было. Мы яшчэ ў мінулым годзе дамовіліся, што губернатары са сваіх бюджэтаў змогуць вам дапамагчы з рамонтамі магазінаў. Гэта што, не падтрымка? Калі мы будзем ім дапамагаць, іх ад гэтай "соскі" не адарвеш. Навошта ім працаваць? Добра жывуць", - крытычна заўважыў кіраўнік дзяржавы.
У якасці негатыўнай тэндэнцыі Аляксандр Лукашэнка адзначыў скарачэнне гандлёвых аб'ектаў Белкаапсаюза ў вёсцы. Год таму іх доля ў агульным аб'ёме такіх аб'ектаў складала амаль 25 працэнтаў, а сёння ўжо каля 23 працэнтаў. "Такімі тэмпамі вы страціце ўсю сваю гандлёвую сетку, у якой пакуль яшчэ можаце збываць прадукцыю, якую вы вырабляеце", - папярэдзіў ён.

Прэзідэнт таксама ўказаў на адсутнасць станоўчых зрухаў у фінансавых патоках ад гандлёвай дзейнасці Белкаапсаюза, страта дасягнула Br33 млн.

Пры гэтым кіраўніцтва арганізацыі не забывае сябе ў плане заработнай платы. Яна ў кіраўніцтва Белкаапсаюза вышэйшая, чым у большасці міністраў (у 1,5 раза большая, чым у міністраў ЖКГ і эканомікі, у 1,3 раза - чым у міністра будаўніцтва, у 1,2 раза - чым у міністра прамысловасці). У той жа час колькасць магазінаў у вёсцы скарачаецца ў тым ліку і па прычыне невысокай, мізэрнай зарплаты прадаўцоў.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз зрабіў акцэнт на тым, што аказанне дапамогі з боку дзяржавы павінна быць не ў якасці "падарунка", а на зваротнай аснове, і гэта патрабаванне ў роўнай ступені датычыцца не толькі Белкаапсаюза, але і іншых галін. У сувязі з гэтым Прэзідэнт згадаў, што яму на разгляд унесена прапанова зрабіць яшчэ адзін такі "падарунак" ад дзяржавы, на гэты раз арганізацыям сельскай гаспадаркі - выдзеліць на закупку рэгулятараў росту для рапсу Br10 млн. "Што значыць выдзеліць? У крэдыт! Вось табе Br10 млн (добра, працэнт ніжэйшы), заўтра павінен вярнуць, калі рапс атрымаеш, - растлумачыў умовы прадастаўлення бюджэтных грошай Прэзідэнт. - Раскідваеце гэтыя грошы, нібыта нам няма чаго больш купляць за бюджэтныя грошы!"-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі