Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 лістапада 2024, 13:37

За Лукашэнку ўжо сабрана больш за 700 тыс. подпісаў

14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За дзеючага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, які ўдзельнічае ў электаральнай гонцы, ужо сабрана больш за 700 тыс. подпісаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў журналістам у час наведвання стадыёна "Трактар", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мяне ўчора інфармавалі, што на сённяшні момант больш за 700 тысяч подпісаў сабрана. Недзе так", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што пакуль у яго не было часу ўважліва сачыць за выбарчай кампаніяй, паколькі ў канцы года назбіралася дастаткова спраў, было шмат паездак як па краіне, так і за мяжу. Акрамя таго, неабходна было яшчэ пракантраляваць завяршэнне ўборачнай кампаніі.

"Людзей трэба накарміць. У нас сёння ёсць усё і нават больш за тое, што мы чакалі, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Аграрыі адзначаюць свята сваё святое. Дзякуй ім вялікі. Я нездарма паехаў па "Дажынках" - для таго, каб падзякаваць людзям і паглядзець зверху, як яны выконваюць мае даручэнні, асабліва як аруць глебу, паднімаюць зябліва. Гэта асноўная работа, якая ў нас засталася".

Вяртаючыся да пытанняў выбарчай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прапаноўваў ужо завяршыць збор подпісаў у падтрымку сваёй кандыдатуры. Аднак кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой адзначыў, што людзям трэба даць магчымасць падтрымаць свайго лідара.

"Мы не нагнятаем абстаноўку. Я запланаваў перагаварыць з кіраўніцтвам ініцыятыўнай групы, падзякаваць ім на першым этапе. І пагаварыць, як мы далей будзем рухацца. Галоўнае, каб "альтэрнатыўшчыкі" таксама збіралі свае подпісы. Але, як мне дакладваюць, людзі не вельмі ідуць на тое, каб ставіць подпіс за іншага кандыдата. Мяне гэта радуе і вельмі сур'ёзна напружвае: для мяне самае страшнае - гэта давер людзей, - заявіў Прэзідэнт. - І людзі пасля 2020 года паглядзелі і думаюць: мы краіну можам страціць, давайце будзем цаніць тое, што ёсць. І вось, зыходзячы з гэтага, ідуць, але не вельмі на подпісы за іншых".

Збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты стартаваў 7 лістапада і завершыцца 6 снежня 2024 года. Ажыццяўляць збор подпісаў могуць толькі члены ініцыятыўнай групы на пікетах (у месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі), а таксама па месцы жыхарства, працы (службы) выбаршчыкаў.

Цэнтрвыбаркамам былі зарэгістраваны сем ініцыятыўных груп у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. Аднак 12 лістапада стала вядома, што двое прэтэндэнтаў вырашылі спыніць далейшы ўдзел у электаральнай кампаніі. Аб гэтым заявілі старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын", начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава і старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз афіцэраў" Сяргей Бобрыкаў.

Такім чынам, цяпер прадаўжаецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння пяцярых кандыдатаў у Прэзідэнты.

Выбары Прэзідэнта Беларусі назначаны на 26 студзеня 2025 года.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі