1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ні ў Беларусі, ні ў Расіі няма планаў захопліваць Чарнобыльскую АЭС. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 кастрычніка на сустрэчы з генеральным дырэктарам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэлем Гросі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь зробіць усё, што ад яе залежыць, для забеспячэння ядзернай бяспекі ў рэгіёне. "Мы разумныя людзі і на розныя авантуры не кідаемся", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт растлумачыў, што не проста так узняў гэту тэму: апошнім часам у СМІ гучаць укіды з Украіны аб тым, што нібыта "Лукашэнка хоча захапіць Чарнобыльскую станцыю". Такія заявы, вядома, абсурдныя, таму кіраўнік дзяржавы не разумее, што можа ляжаць у іх аснове.
"Навошта Лукашэнку Чарнобыльская станцыя? Мы і так нацярпеліся ад таго, што адбылося пасля выбуху гэтай атамнай станцыі, якую, заўважце, мы не будавалі, мы не абслугоўвалі і мы не ўзрывалі. А асноўная бяда лягла на чвэрць нашай тэрыторыі. І мы да гэтага часу змагаемся з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы. Таму я вас абсалютна запэўніваю, што гэта глупства поўнае, якое мяне нават здзівіла. Мы ў страшным сне не маглі ўявіць, што нам давядзецца "захапіць" Чарнобыльскую станцыю і за яе потым адказваць. Няма такой неабходнасці з боку Беларусі. І, паверце мне, з боку Расіі таксама: не было, няма і ніколі не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Як стала вядома па выніках сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка і Рафаэль Гросі - ужо за зачыненымі дзвярамі - шмат гаварылі аб сітуацыі ў рэгіёне, у прыватнасці аб Расіі і Украіне. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што МАГАТЭ і асабіста Рафаэль Гросі маглі б унесці вялікі ўклад у міратворчую місію паміж Расіяй і Украінай.
"Мы абмеркавалі шэраг вельмі важных пытанняў у адкрытай і давернай абстаноўцы. Перш за ўсё гэта датычылася далікатнай абстаноўкі ў рэгіёне, канфлікту ва Украіне, выклікаў і небяспек, якія нясе ў сабе сітуацыя ў рэгіёне. Я змог падрабязна праінфармаваць спадара Прэзідэнта аб рабоце МАГАТЭ, якую вядзе наша агенцтва, пачынаючы з самага пачатку канфлікту, па забеспячэнні ядзернай бяспекі на атамных электрастанцыях Украіны", - падзяліўся з журналістамі гендырэктар МАГАТЭ пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Паводле слоў Рафаэля Гросі, яму было вельмі важна пачуць асабістую пазіцыю Прэзідэнта Беларусі, яго падыходы да забеспячэння ядзернай бяспекі і міру ў рэгіёне. "І гэтыя падыходы ён перадаў мне ў вельмі дакладнай, адкрытай манеры", - заявіў ён.-0-