Сцяг Субота, 6 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
08 жніўня 2025, 13:35

"Сяляне - малайцы ў гэтым годзе". Лукашэнка высока ацаніў работу аграрыяў у час уборачнай кампаніі

8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці высока ацаніў работу аграрыяў на ўборцы ўраджаю ў гэтым годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ўмовы надвор'я ў гэтым годзе выдаліся няпростыя. Праліўныя дажджы могуць змяняцца засухай, што накладае пэўныя патрабаванні на работу аграрыяў. Гаворачы пра ўмовы надвор'я і іх уплыў на ход уборачнай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка прыгадаў і пра свой вопыт работы ў сельскай гаспадарцы. "Я ж помню... Прачынаешся: ніякі не дождж - валтузня. Пырснула - да абеда не можам у поле выйсці. А калі добры дождж прайшоў, то дзень яшчэ на заўтра да абеда ўбіраць не можам", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш, падкрэсліў Прэзідэнт, у гэту ўборачную кампанію работнікі сельскай гаспадаркі паказваюць вельмі добрыя рэзультаты. "Скажу шчыра: сяляне - малайцы ў гэтым годзе. Мы людзі такія, славяне: калі складаней, мы пачынаем напружвацца і працаваць па-сапраўднаму, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Сёлета малайцы як ніколі. Я вось гэта адчуваю".

Як далажылі Прэзідэнту, на раніцу было ўбрана 48 працэнтаў плошчы разам з рапсам, а да абеду плануецца ўбраць 50 працэнтаў. "Палавіна - далей ужо крыху лягчэй будзе, - лічыць кіраўнік дзяржавы. - Але цяпер вельмі важна ўбраць рапс. Трэба хутка заканчваць з гэтым рапсам, каб страт не дапусціць".

Менавіта азімы рапс быў у цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі ў час рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён. Кіраўнік дзяржавы падрабязна распытаў спецыялістаў пра сітуацыю з вырошчваннем азімага рапсу. Размова ішла пра забеспячэнне насеннем гэтай культуры, асаблівасці тэхналогіі вырошчвання, тэрміны высадкі і ўборкі і гэтак далей. Паводле прагнозаў, у бягучым годзе ўдасца сабраць не менш за мільён тон рапсу, але гэта агульны валавы збор, а алейнага семя будзе крыху менш. Хоць у мінулым годзе ўраджай менавіта алейнага семя быў 1 млн т.

"Нам бы на гэтым утрымацца", - арыентаваў Прэзідэнт на паказчыкі мінулага года.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі