Сцяг Субота, 6 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 жніўня 2025, 16:00

Што будзе з дзіцячым садам, гісторыя пра закрыццё якога дайшла да Лукашэнкі

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзіцячы сад у аграгарадку Гаршчэўшчына Талачынскага раёна Віцебскай вобласці будзе працаваць. Раней з просьбай не закрываць гэту ўстанову, хоць у яе ходзіць зусім мала дзяцей, да кіраўніка дзяржавы праз сацсеткі звярнуліся мясцовыя жыхары. Пытанне было дасканала вывучана, і ў выніку прынята рашэнне захаваць гэты дзіцячы сад, паведаміў журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік рэгіёна растлумачыў, што мясцовыя органы ўлады разам з Міністэрствам адукацыі перыядычна праводзяць аптымізацыю ўстаноў. Гэта абумоўлена ў тым ліку эканамічнай мэтазгоднасцю: калі колькасць навучэнцаў становіцца зусім невялікая, то ўтрымліваць, напрыклад, школу становіцца вельмі затратна. Больш эфектыўна арганізаваць падвоз дзяцей у суседнія населеныя пункты. Напрыклад, у Віцебскай вобласці ў бягучым годзе з такой прычыны былі зачынены 15 садоў і каля 7 школ. Аналагічны падыход выкарыстоўваецца па ўсёй краіне. Але, безумоўна, у разлік бярэцца мноства фактараў, у тым ліку абавязкова ўлічваюцца інтарэсы дзяцей і бацькоў. Устаноўлены жорсткія крытэрыі для прыняцця адпаведных рашэнняў.

У выпадку з аграгарадком Гаршчэўшчына сітуацыя была падобная. Акрамя зусім малой колькасці выхаванцаў у дзіцячым садзе, стан будынка быў не зусім здавальняючы, патрабаваў абнаўлення. Таму мясцовыя органы ўлады і Мінадукацыі першапачаткова прынялі рашэнне, якое здавалася на першы погляд прапрацаваным, - арганізаваць падвоз гэтых дзяцей у іншы населены пункт. Але такое рашэнне зусім не задаволіла бацькоў, і яны звярнуліся праз TikTok да Прэзідэнта.
Аляксандр Лукашэнка пра гэты зварот даведаўся і даручыў дакладна разабрацца ў сітуацыі. Гісторыю з гэтым дзіцячым садам кіраўнік дзяржавы прывёў на нарадзе аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах краіны ў якасці прыкладу таго, наколькі дасканалым павінен быць падыход да аптымізацыі сацыяльна значных аб'ектаў у вёсцы. "Трох-, чатырохгадовых дзетак даярка павязе за 7-10 км у дзіцячы сад? - рытарычна спытаў кіраўнік дзяржавы. - Вы там з глузду з'ехалі? Вы гэтага не бачыце? Адпраўце свайго ўнука або дзіця чатырохгадовае ў гэты дзіцячы сад за край свету! Цуды!"

Калі падвоз школьнікаў - абсалютна разумны і правільны падыход, то вось падвоз зусім маленькіх дзетак - справа зусім іншая. І падыход Прэзідэнта ў гэтым пытанні зразумелы кожнаму з бацькоў. Дарэчы, пра бацькоў. У дадзеным выпадку гэта ў большасці сваёй работнікі мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі, вельмі патрэбныя спецыялісты. Яны могуць і хочуць працаваць, калі толькі будуць упэўнены, што іх дзяцей надзейна даглядаюць. "Я быў кіраўніком - быў зацікаўлены ў тым, каб у дзіцячы сад хадзілі дзеці, таму што вызваляюцца ў гэтым выпадку сем рабочых рук", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка ў час нарады.
Пасля дадатковага вывучэння пытання па дзіцячым садзе ў аграгарадку Гаршчэўшчына вырашана яго захаваць. "Прэзідэнт патрабуе больш дасканала падыходзіць да кожнага выпадку, - звярнуў увагу Аляксандр Субоцін. - Мы ж змагаемся за кадравую палітыку ў вёсцы, і калі там тыя, хто працуе, - трэба рабіць адступленні і захоўваць. Гэты выпадак паказальны. І дзіцячаму саду ўсё роўна быць. Хоць з гэтай жа вёскі 21 дзіця возяць у суседнюю вёску ў школу. Таму як мінімум сад будзе ў гэтай вёсцы, а школа - у суседняй, каб захаваць гэтыя населеныя пункты".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі