Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 ліпеня 2024, 16:33

"Праблем вялікіх не бачу, патрэбна проста арганізацыя". Вынікі тэмы ўборачнай ад Прэзідэнта

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вялікіх праблем у ходзе гэтай уборачнай кампаніі няма. Галоўнае - патрэбна арганізацыя работ. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, падводзячы вынікі селектарнай нарады, дзе адной з асноўных тэм быў ход уборачнай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Праблем вялікіх я не бачу ва ўборцы. Патрэбна проста арганізацыя. Упаўнаважаныя людзі прыедуць на месцы сёння-заўтра. Іх рашэнне - рашэнне канчатковае. Калі трэба нешта вырашыць, яны звяжуцца са мной. Мы на працягу некалькіх гадзін прымем адпаведнае рашэнне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама падкрэсліў важнасць дастойна заплаціць людзям. "Заплаціце людзям. Гэта акупіцца. Акажыце падтрымку людзям, якія сёння стараюцца і добра працуюць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў асаблівую важнасць выканання ўсіх тэхналагічных працэсаў. "Выкананне тэхналогій - першарадная задача. Гэта датычыцца перш за ўсё ўсходніх абласцей. Ды і ў любой вобласці ёсць гаспадаркі, дзе трэба звярнуць на гэта ўвагу. Тэхналогіі і яшчэ раз тэхналогіі. І дысцыпліна. Больш у гэтым годзе нічога не трэба. Жалезабетонная дысцыпліна і выкананне тэхналогій. Гэта - галоўнае", - заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што размова аб ходзе ўборачнай у першую чаргу вядзецца пра збожжа, паколькі важна з улікам умоў надвор'я літаральна "выхапіць" яго з палёў.
"Ну і не трэба забываць, што ў нас ідзе нарыхтоўка травяністых кармоў. Накладкі даволі значныя. І сеяць трэба. Літаральна праз тыдзень трэба пачынаць сеяць азімы рапс і потым азімы ячмень. Таму збожжа трэба ўбраць своечасова", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца бягучага надвор'я, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што асобныя "вялікія прагназісты" памыліліся, прадказваючы вясной засушлівае лета. "Я тады яшчэ сказаў, што будзе перыядамі. Так будзе і ў жніўні. Цяпер надыходзіць нейкі прасвет. Я бачу гэта і па спадарожнікавых здымках. З лакальнымі дажджамі, але будзе нармальны перыяд для ўборкі ўраджаю. Будзе больш сухіх і сонечных дзён. Трэба выхопліваць гэты ўраджай", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён заклікаў дзейнічаць аператыўна і не чакаць найбольш аптымальнай вільготнасці збожжа, не чакаць яго спеласці на корані, паколькі можна страціць частку ўраджаю. Лепш потым давесці гэта збожжа да неабходнай кандыцыі на сушыльных комплексах.

"Дзякуй богу, у нас вільгаці хапае ў гэтым годзе. Гэта ж араць лягчэй. Вы памятаеце, як мы ў мінулым годзе аралі, - слупом стаяў пыл пасля плугоў. Немагчыма было араць. Сухая глеба была, проста камень. Цяпер добра можна араць. Але своечасова трэба ўбіраць і араць. Трэба культурна", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У гэтым плане ён звярнуў увагу на існуючую праблему з вымачкамі на палях, што прысутнічае ў тым ліку ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. "Мы ж дамовіліся, што трэба сёння закупляць трактары на гусенічным хаду з глыбокімі рыхліцелямі, каб гэту падкладку мы маглі разбурыць. Глыбей трэба араць. Можа, мы сапраўды выратуем палі ад гэтых вымачак. А так у нас вымачак столькі, колькі мы кожны год меліяруем зямель. Тут дрэнная работа. Культура земляробства на нізкім узроўні", - заўважыў беларускі лідар.

Яшчэ шэраг канкрэтных даручэнняў датычыцца якаснай уборкі лёну, які для Беларусі - культура палітычная (кветкі лёну адлюстраваны на гербе краіны).

Кіраўнік дзяржавы даў практычную параду арыентавацца на вытворчасць большага аб'ёму бабовых - размова аб складзе травяністых кармоў. Люцэрна, канюшына, трэба таксама высяваць гарох і лубін, арыентуе Аляксандр Лукашэнка. “Трэба вяртацца да таго, што некалі было і мы забылі. Нам трэба ўзмацняць бялковыя культуры, у тым ліку і на кармавыя патрэбы. Люцэрна – трэба цэнтралізавана яе закупляць і пашыраць пасевы. Гэта ўсё акупіцца. А калі цэнтралізавана будзеце закупляць у той жа Расіі ці яшчэ недзе, мы будзем мець нармальную цану на гэта насенне", - сказаў ён.

“Давайце дамовімся, што гэты год для нас пакуль складваецца добра. Гэта нядрэнны год, улічваючы, што мы ў зоне рызыкоўнага земляробства. Чакаць ідэальных гадоў не трэба. Іх не будзе і ніколі не было. То засушыць, то залье. Але ўвогуле год нядрэнны. Вільгаць ніколі не была лішняй для сельскай гаспадаркі ў нас", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

У Гомелі ў час селектарнай нарады па відэасувязі

У Брэсце
У Магілёве
У Гродне
У Віцебску

Фота Сяргея Халадзіліна, Леаніда Шчаглова, Магілёўскага аблвыканкама, абласной газеты "Витебские вести"
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі