28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 28 кастрычніка ўручыў губернатару Сахалінскай вобласці Расійскай Федэрацыі Валерыю Лімарэнку спецыяльны ліст аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я павінен табе афіцыйна падзякаваць! Гэта табе - павесіш у сябе ў кабінеце", - уручыў узнагароду Аляксандр Лукашэнка.
"На самым пачэсным месцы!" - паабяцаў Валерый Лімарэнка.
"Вы больш, чым наш чалавек. Нават вы не ўяўляеце, што мы тады з вамі задумалі, калі вырашылі пабудаваць атамную станцыю. Як бачыце, я не забыў, што вы пры гэтым прысутнічалі. Наша першая асабістая сустрэча, але вы ў нас вельмі-вельмі вядомы чалавек: у якасці кіраўніка ніжагародскага "Атамэнергапраекта" вы курыравалі работы па падрыхтоўцы да ўзвядзення першага энергаблока Беларускай атамнай станцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У кастрычніку Валерый Лімарэнка за высокі прафесіяналізм, значны ўклад у рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па ўзвядзенні Беларускай атамнай электрастанцыі быў удастоены Падзякі Прэзідэнта Беларусі.
"Станцыя атрымалася добрая. Працуе без праблем. Таму мы сёння ўжо думаем аб тым, што нам рабіць з другой атамнай станцыяй: будаваць яе, не будаваць. Я думаю, за электрычнасцю будучыня, асабліва за атамнай энергіяй. Таму мы сур'ёзна задумаліся над будаўніцтвам другой атамнай станцыі. Я яшчэ раз дзякую вам за той уклад, які вы ўнеслі ў будаўніцтва гэтага стратэгічнага інвестыцыйнага праекта ў Беларусі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Вельмі кранальна было, калі я пачуў вашы словы ўдзячнасці і атрымаў Падзяку. Нагадаю вам, што калі мы ўпершыню сустрэліся, была такая мужчынская размова ў нас на тэму будаўніцтва атамнай станцыі. Калі яшчэ цэгла не ляжала ні ў фундаменце, ні ў сцяне. Расіяне абяцалі пабудаваць самую эфектыўную, бяспечную атамную станцыю па самай нізкай цане. Тады было шмат размоў на гэту тэму. Нехта іранічна пра гэта гаварыў. Нехта ўспрымаў гэта як суперзадачу, якую, сціснуўшы зубы, трэба зрабіць. А ў выніку так і атрымалася. Таму, прымаючы віншаванні ў сувязі з гэтым, хачу сказаць, што слова расіяне стрымалі. І мне вельмі прыемна, што мы пра гэта памятаем з вамі. У будучым, бог дасць, нешта яшчэ добрае разам зробім у розных сферах. І я таксама, дай бог, буду мець дачыненне да гэтага", - сказаў Валерый Лімарэнка.-0-