2 верасня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Маладому пакаленню беларусаў давядзецца прадоўжыць гістарычны шлях рэспублікі ў свеце, што мяняецца з шалёнай скорасцю. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на мерапрыемстве "Адкрыты мікрафон з Прэзідэнтам" са студэнтамі ВНУ Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння ў вашага ўніверсітэта дзень асаблівы. Не толькі таму што прыехаў Прэзідэнт (хоць і гэта не часта бывае). Я, на жаль, упершыню ў вашай ВНУ. Але, улічваючы, што ў нас паўсотня ВНУ і іншых навучальных устаноў, іх за прэзідэнцкае жыццё не так проста аб'ехаць і наведаць. Ёсць у нас і іншая нагода", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Па-першае, нагадаў кіраўнік дзяржавы, на лютаўскай сустрэчы з рэктарамі ён папрасіў спланаваць наведванне ВНУ як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. "Па-другое, наспела тэма для сур'ёзнай размовы з вамі - пакаленнем, якому давядзецца прадоўжыць гістарычны шлях Беларусі ў свеце, што мяняецца з шалёнай скорасцю, - заявіў Прэзідэнт. - Свет змяніўся, падзеі адбываюцца хутка, тэмп касмічны".
"Тое, што на ўчарашнія інавацыі сёння мы глядзім як на музейны экспанат, вы таксама адчулі. Размова не толькі пра навуку, тэхналогіі, рэальны сектар эканомікі. Гэта датычыцца і сацыяльнай сферы, і адносін паміж людзьмі. Але праблема не ў скорасці. А ў тым, што краіны і народы ўцягнуты ў гонку за валоданне тэхналогіямі. Нічога новага. Усё нібыта па-старому, з нюансамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў фармаце "адкрытага мікрафона" ён зможа разам са студэнтамі абмеркаваць усе праблемы, якія іх цікавяць, і пачуць ад іх свежыя ідэі і прапановы, што, магчыма, спатрэбяцца для развіцця краіны.
Прэзідэнт таксама растлумачыў, чаму ён выбраў для першага наведвання менавіта Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава. Проста, як аказалася, кіраўнік дзяржавы яшчэ ні разу тут не быў. "З іншага боку, я рады, што наша сустрэча праходзіць менавіта цяпер - у год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У вашай ВНУ асаблівае месца ў нашай гістарычнай памяці", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Тры выпускнікі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Гэта Канстанцін Абазоўскі, Міхаіл Высагорац і Пётр Машэраў, імя якога і носіць універсітэт.
"Мяне радуе, што вы шануеце памяць сваіх папярэднікаў, захоўваеце пераемнасць пакаленняў, традыцыі. Вельмі хацелася б, каб вы трымалі ўзровень лепшых ВНУ краіны, і не толькі краіны, але і блізкага замежжа. Патэнцыял у вас сур'ёзны, і, думаю, вы можаце значна прыбавіць як у навукова-адукацыйнай дзейнасці, так і ў выхаваўчай рабоце", - лічыць беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама павіншаваў студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў з Днём ведаў. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што літаральна за дзень уся краіна, ды і сам Віцебск прыйшлі ў рух.
"Больш як мільён школьнікаў і каля пяцісот тысяч навучэнцаў каледжаў і студэнтаў ВНУ пачнуць заняткі. Фактычна з сённяшняга дня мы ўсе пачынаем жыць па новым навучальным календары. Можа, у студэнтаў ужо не так ярка адчуваецца пачатак новага навучальнага года або, як вы кажаце, навучальнага семестра. Але вы - людзі дарослыя, упэўнены, гледзячы на маленькіх дзяцей з букетамі кветак, кожны з вас з цеплынёй успамінае і школьныя дні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён пажадаў, каб гэты навучальны год быў насычаным, напоўненым новымі адкрыццямі, станоўчымі эмоцыямі, радасцю сустрэч з цікавымі людзьмі. "Насычайцеся, як губка, ведамі, кампетэнцыямі, каб літаральна праз некалькі гадоў стаць прафесіяналамі сваёй справы і заняць дастойнае месца ў жыцці", - заклікаў моладзь Прэзідэнт.-0-