19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Ліневіч на селектарнай нарадзе з удзелам кіраўніка дзяржавы далажыў аб ходзе ўборачнай кампаніі, яе першых выніках і праблемных пытаннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Азімы ячмень - культура капрызная, але наша
Паводле слоў міністра, у гэтым годзе ўборачная плошча збожжавых і зернебабовых культур складае 2,1 млн га. Гэта на 68 тыс. га больш, чым у мінулым годзе. Пасевы кукурузы дасягнулі 300 тыс. га.
"Убралі азімы ячмень. Выснова?" - спытаў Прэзідэнт.
"Культура наша. 800 тысяч тон сабралі, ураджайнасць вышэйшая за 30 цэнтнераў (з гектара. - Заўвага БЕЛТА). Таму ў гэтым годзе мы не зніжаем пасяўныя плошчы", - далажыў Анатоль Ліневіч.
"Мы гаворым аб тым, што чакалі большага ад азімага ячменю", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Як растлумачыў кіраўнік Мінсельгасхарча, умовы перазімоўкі не дазволілі дабіцца лепшага выніку. Да таго ж, былі дапушчаны тэхналагічныя недапрацоўкі падчас догляду пасеваў.
"Значыць, выснова адна: азімы ячмень - гэта культура капрызная ва ўмовах рызыкоўнага земляробства, г.зн. у Беларусі. Таму трэба акуратна падбіраць палі. Ён вельмі дрэнна пераносіць маразы і выправае, калі шмат снегу. Таму выбірайце патрэбныя палі. Трэба ячмень вырошчваць, каб ураджай быў не ніжэйшы за 40 цэнтнераў", - падагульніў кіраўнік дзяржавы.
Як далажылі Прэзідэнту, у некаторых гаспадарках ураджайнасць азімага ячменю і ўвогуле перавышае 100 ц/га. "Выбралі палі правільныя, папярэднікі нармальныя і тэхналогіі", - пракаменціраваў Аляксандр Лукашэнка.
"Рапс - культура рэнтабельная"
"Рапс пачалі ўбіраць. Што рапс паказвае ў гэтым годзе? Колькі працэнтаў убралі?" - удакладніў Прэзідэнт.
Паводле слоў Анатоля Ліневіча, убрана 75 працэнтаў плошчаў рапсу, сярэдняя ўраджайнасць складае 26 ц/га. "Рапсам займацца неабходна. У асноўным азімым. У паўночных рэгіёнах трэба займацца і яравым рапсам у тым ліку, таму што ўмовы перазімоўкі паказалі, што дзе адсутнічае снежнае пакрыццё, там рапс перазімаваў вельмі дрэнна", - адзначыў міністр.
"Рапс - культура рэнтабельная. Грошай прыносіць, як малако ў жывёлагадоўлі. Трэба займацца. Але, як і па іншых культурах, трэба займацца грунтоўна. Вось асноўны вывад: рапсу быць, але яго трэба вырошчваць столькі, колькі мы можам убраць і апрацаваць нармальна" , - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У той жа час ён звярнуў увагу, што нават у межах Віцебскай вобласці ўраджайнасць рапсу можа вельмі адрознівацца. Аляксандр Лукашэнка задаўся пытаннем: чаму ў адных атрымліваецца, а ў іншых - не?
"Недапрацоўваюць", - выказаў меркаванне Анатоль Ліневіч.
"Дык прымусьце іх працаваць! Не прымусіце вы - скажыце мне. Мы з Кубраковым (міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. - Заўвага БЕЛТА) заўтра прымусім мёртвага працаваць", - вобразна выказаўся Прэзідэнт.
Разам з тым кіраўнік Мінсельгасхарча звярнуў увагу і на фактар надвор'я: у адной з гаспадарак азімы рапс пасеялі своечасова і з захаваннем тэхналогій, але некалькі дзён маразоў - і 95 працэнтаў пасеваў загінула.
"Што значыць "не хапае механізатараў"?"
Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў сітуацыю на месцах, звярнуўшы асаблівую ўвагу на ўкамплектаванне гаспадарак кадрамі і гатоўнасць тэхнікі.
"Калі Субоцін і Ліневіч будуць плакацца, што ім не хапае механізатараў і тэхнікі, іх трэба знімаць з пасад абодвух, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Што значыць "не хапае механізатараў"? Знайдзіце іх у гарадах. Дамоўцеся з кіраўнікамі прадпрыемстваў".
Як расказаў Анатоль Ліневіч, па тэхнічных прычынах у цэлым па краіне прастойвае амаль паўсотня камбайнаў. Частка з іх - імпартныя, а значыць, ёсць праблемы з пастаўкай запчастак. Але гэтыя пытанні, паводле слоў міністра, практычна ўжо вырашаны.
Аднак кіраўнік дзяржавы гэтых тлумачэнняў не прыняў: "Чаму зімой не закупілі неабходныя камплектуючыя? Гэта глупства, што нельга купіць па імпартных камбайнах запчасткі".
"Затрымак па дзяржзаказе быць не павінна"
"Чаго яшчэ не хапае?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
"Неабходна накіраваць Br130 млн на выкуп харчовага збожжа ў сялян", - сказаў міністр.
"Міністр фінансаў, ніякіх затрымак па дзяржзаказе быць не павінна", - паставіў задачу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: на рэспубліканскім узроўні ўсе пытанні, каб якасна правесці ўборачную кампанію, вырашаны. Прычым лепш, чым у былыя часы.
"Таму трэба напружвацца, арганізоўваць работу і ўбіраць. Дысцыпліна павінна быць жорсткая. Мне сорамна ўжо нават гаварыць пра нейкі крадзеж і іншае", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-