Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 студзеня азнаёміўся з рэканструкцыяй аўтобуснай вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода. Гэта знакавы праект не толькі для прадпрыемства, але і ўсёй краіны. У мінулым годзе МАЗ выпусціў амаль 2 тыс. адзінак пасажырскай тэхнікі, новая вытворчасць дапаможа ўдвая нарасціць аб'ёмы і спрасціць тэхналагічны працэс. Пра што Аляксандр Лукашэнка гаварыў на прадпрыемстве, што паабяцаў завадчанам і за што адчувае асаблівы гонар? Пра ўсё гэта і не толькі раскажам у нашым матэрыяле.
Як Лукашэнка вырашыў абкатаць спартыўны грузавік
Перад тым як азнаёміцца з новым аўтобусным заводам, Аляксандр Лукашэнка вырашыў сустрэцца з камандай "МАЗ-СПОРТаўта".
"Калі на міжнародных экранах ва ўсім свеце МАЗ, усе пачынаюць думаць, а што гэта за завод, які "забівае" ўсіх на трасе. Гэта - наш МАЗ, наш гонар. Гэта рэклама. І рэклама не толькі аўтазаводу, але і ўсёй краіне і ўсёй аўтамабілебудаўнічай галіне Беларусі. Вось у чым мой інтарэс", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што спартсменам важна не толькі выступаць, але і выйграваць. У той жа час у мінулым сезоне "МАЗ-СПОРТаўта" крыху здалі пазіцыі ў параўнанні з вынікамі 2023 года.
"Гэта спорт. Заставацца на піку пастаянна даволі цяжка. Мы то другія, то трэція. Так, перамогі ў гэтым годзе (мінулым сезоне. - Заўвага БЕЛТА) не атрымалася, - адзначыў начальнік каманды Сяргей Вязовіч. - Мы моцна перааснасцілі нашу тэхнічную базу. Гэта таксама немалаважна".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў свой час па яго даручэнні звярнулі сур'ёзную ўвагу на каманду. Для яе развіцця было зроблена шмат. "Я міністру даручаў (цяпер паслу ў Расіі), каб ён звярнуў асаблівую ўвагу на каманду. Я яму сказаў: "Будзеш капітанам каманды гэтай. Што хочаш рабі, але дапамагай хлопцам!" - заявіў Прэзідэнт.
Цяпер жа на чале Мінпрама новы міністр Аляксандр Яфімаў, і Прэзідэнт даручыў яму курыраваць гэта пытанне: "У нас новы міністр. Ён у курсе справы. Малады хлопец, беларус сапраўдны. За тое, каб мы выйгравалі. Вось табе новы капітан. Павінен дапамагаць. Нам трэба ўдзяліць увагу неабходную. Калі нешта патрэбна, скажы", - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да начальніка каманды.
Прэзідэнт агледзеў размяшчэнне каманды і азнаёміўся з тэхнікай. Ён нават сабраўся асабіста правесці тэст-драйв спартыўнага МАЗа: "Я гляджу на ваш аўтамабіль. Цікава было б праехаць дзе-небудзь у кар'еры".
"Як толькі будзем гатовы, дадзім знаць", - адказаў Сяргей Вязовіч.
"Патрэбен вынік. А мы для вас будзем рабіць усё!" - запэўніў беларускі лідар.
"Мы будзем зараджаны на перамогу", - паабяцаў Сяргей Вязовіч.
Навошта МАЗ пабудаваў новы аўтобусны завод
У 2023 годзе МАЗ пачаў рэалізацыю інавацыйнага праекта па рэканструкцыі аўтобуснага завода з будаўніцтвам новага вытворчага корпуса і павелічэннем вытворчых магутнасцей да 3 тыс. адзінак тэхнікі ў год. Праектам прадугледжана стварэнне трох аўтаномных ліній па вытворчасці пасажырскай тэхнікі, будаўніцтва боксаў для дыягностыкі, наладкі і здачы аўтобусаў, арганізацыя спецыялізаванага зварачна-нарыхтоўча-механічнага цэха, стварэнне складской гаспадаркі. Агульныя інвестыцыйныя затратыскладаюць больш за Br300 млн.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў мадэльны рад пасажырскай тэхнікі МАЗа і наведаў асноўныя ўчасткі зборкі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі прадукцыя будзе якасная, то яе будуць купляць, нягледзячы на вялікую канкурэнцыю на рынку. У адваротным выпадку не дапаможа нават зніжэнне кошту.
"Гэту пляцоўку мы пабудавалі з нуля. Усё абсталяванне ўстаноўлена, працуе, персанал набраны. Тут павінны працаваць 1223 чалавекі. Сёння 431 чалавека пераводзім з дзеючай вытворчасці, далей мы склалі графік: да канца года (1 студзеня 2026 года мы павінны будзем выйсці на стапрацэнтную загрузку гэтага вытворчага комплексу) штат будзе ўкамплектаваны", - далажыў генеральны дырэктар МАЗа Валерый Іванковіч.
"Нядрэнна ж пабудавалі. Умеюць", - ацаніў вытворчую пляцоўку Прэзідэнт. Сам жа тэхналагічны этап Аляксандр Лукашэнка параўнаў з вытворчасцю самалётаў, паколькі тэхніка ствараецца не на канвееры, гэта вельмі тонкая работа.
"У нас тут 40 тысяч квадратных метраў. Тут знаходзіцца ўвесь тэхналагічны працэс ад першага элемента, які мы выражам, да гатовага аўтобуса. Цяпер мы ў адным месцы рэжам, у іншым - варым, у трэцім - збіраем, а потым, калі які-небудзь збой з камплектуючымі, транспарт выцягваем на вуліцу незалежна ад умоў надвор'я і зноў зацягваем. А цяпер мы будзем працаваць так, як усе сусветныя кампаніі. Гэта пляцоўка сусветнага ўзроўню, - заявіў Валерый Іванковіч. - У нас тры нарыхтоўчыя лініі, і па іх мы можам весці адразу тры тыпы аўтобусаў. Тое, што ў нас тэхналагічна не атрымоўвалася ў сённяшніх умовах".
"Ва ўсім свеце так ці робаты працуюць?" - удакладніў кіраўнік дзяржавы.
"Робаты працуюць, калі ёсць дзве вызначальныя ўмовы: аднатыпнасць і аб'ём. Мы гэта пытанне прадумвалі. Калі мы выйдзем у вузкую прафілізацыю, то ўсталюем робатаў. Магчымасці дазваляюць", - растлумачыў кіраўнік прадпрыемства.
У якія праекты гатова інвесціраваць дзяржава
На прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на вытворчасць нарыхтоўчых матэрыялаў. Профільныя трубы на прадпрыемства, напрыклад, пастаўляе Маладзечанскі трубапракатны завод. Там хутка будуць асвойваць і новыя віды прадукцыі. На думку Прэзідэнта, гэты праект мог бы ўвайсці ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму.
"Такая прадукцыя з металу нам патрэбна будзе, гэта дэфіцыт нейкі ўжо. Таму вось яшчэ адзін праект. І не трэба выдумляць для дзяржінвестпраграмы нейкія праекты - вось ён. Ім трэба паглыбляцца. І як толькі мы прыйдзем да таго, што нам трэба будзе жалезная руда, вось тады мы будзем за межамі краіны шукаць радовішчы, укладваць грошы і сумесна адліваць зыходныя загатоўкі. Але мы да гэтага яшчэ не прыйшлі. Вось як мы ўпромся ў гэта, я вам падкажу, дзе мы будзем нешта ствараць. Вось так трэба паглыбляцца, а не прыдумваць нейкія завоблачныя тэхналогіі і вырабы", - заявіў беларускі лідар.
Што Лукашэнка правяраў на аўтобусным заводзе
Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што цяперашні яго візіт на аўтобусны завод - своеасаблівая праверка таго, наколькі вытворчыя плошчы і спецыялісты гатовы да работы. А ўрачыстая цырымонія адкрыцця новага завода адбудзецца пазней. Арыенцір - знакавая для кожнага беларуса дата, 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
"Калі ў вас тут будзе тысяча чалавек, крык і гоман, калі будзе прыемны ляск (гусеніц у вас няма) ключоў, гаек, балтоў, мастоў, каробак перадач… Да мая месяца вы павінны гэта закруціць усё. Паклічаце - я з задавальненнем прыеду, перарэжам стужачку", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, наведваючы новы аўтобусны завод, успомніў свой апошні візіт на МАЗ. Тады, паводле яго слоў, завадчане працавалі хоць і ў цяпле, але не ў самых лепшых умовах.
"Вы пачалі рабіць гэтыя аўтобусы. Будаваць і прадаваць, асабліва на знешніх рынках. Вы малайцы і заслужылі, каб у вас быў свой завод па вытворчасці аўтобусаў. У гэтым годзе мы вырабім і прададзім 2,3 тыс. аўтобусаў. Гэта добрыя лічбы. Грузавікоў мы вырабім і прададзім у цэлым 15 тыс. Таксама нядрэнна, - сказаў Прэзідэнт. - Пад дзве тысячы кожны год дабаўляйце, і тады не будзе праблем з работай і працаўладкаваннем не толькі ў вас, але і ў вашых дзяцей".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты раз у эканоміку прадпрыемства вельмі не паглыбляўся, але на першы погляд яно працуе нядрэнна. "Мне даложаць аб гэтым. Але кажуць, што вы на пад'ёме", - звярнуў ён увагу.
За што Прэзідэнт адчувае гонар і што называе сваёй галоўнай задачай
"Захаванне нашых гігантаў было маёй галоўнай задачай. Яшчэ зусім маладым Прэзідэнтам я сабе паабяцаў захаваць усё тое, што было напрацавана ранейшымі пакаленнямі да нас. І вы, хто старэйшыя, памятаеце: мы пачалі з вамі эпапею. МАЗ, БЕЛАЗ, ліфты ў Магілёве, "Інтэграл", на які попыт сёння - толькі дай, ды ўсе прадпрыемствы - усё гэта трэба было ратаваць. Шчыра кажучы (зноў жа, не хачу вас перахваліць), калі я бачу аўтамабіль МАЗ, наш аўтобус, тралейбус, гэта гонар. І я шчаслівы, што мы захавалі нашу краіну як машынабудаўнічую", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Сёння ў нас адно пытанне: а як рухацца далей? Вы, напэўна, заўважылі жорсткую маю нараду па інвестыцыйнай праграме (Дзяржаўная інвестыцыйная праграма, куды ўкладваць грошы). А чаго мы мудрым, што мы там выдумляем? Бачым, што ў вас тэндэнцыя добрая па вытворчасці аўтобусаў, наце вам завод. За паўтара года выдалі. І заўтра-паслязаўтра, вобразна кажучы, тут павінны працаваць людзі, гэта значыць, мы ўмеем рабіць усё. Патрэбна пэўная дысцыпліна, каб было якасна. І трэба эканоміць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Вяртаючыся да інвестыцыйнай праграмы, я падумаў аб тым, што не трэба нічога выдумляць. Давайце будзем рабіць тое, што мы ўжо ўмеем рабіць на нейкім узроўні. Калі ў цябе ёсць пэўная база, лягчэй узнімацца да вышынь. Мы ж не амерыканцы. Як Трамп заявіў: "Мы абкладзём увесь свет падаткамі, і няхай увесь свет працуе на амерыканцаў!" Балбатня, не больш. Якой бы ты магутнасцю ні валодаў у Амерыцы. Ён што, абкладзе падаткамі Беларусь, Расію, Кітай, Афрыку і мы будзем на амерыканцаў працаваць? Падстаўляй кішэнь - будзем працаваць", - з сарказмам заўважыў Прэзідэнт.
"Добра, папулізму там хапала, але мы ж нават так сказаць не можам. І не павінны. Мы павінны паглыбляцца, мы павінны ўдасканальваць тое, што ўмеем, і ўкладваць грошы ў гэта", - перакананы кіраўнік дзяржавы.
У якіх вытворчасцях мае патрэбу Беларусь
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі добрыя канструктары і зборачныя вытворчасці. Нашы спецыялісты, заявіў ён, могуць зрабіць любую тэхніку аж да касмічных апаратаў і атамнай бомбы. Пытанне толькі ў часе і грашах. І яшчэ адзін важны момант - ці патрэбна гэта прадукцыя Беларусі? Ракеты ў космас наша краіна не запускае, а з узбраеннем дапамагаюць расіяне.
"Трэба для людзей нешта рабіць. Гэта значыць, трэба ўкладваць грошы туды, дзе мы ўмеем, разбіраемся, нешта робім, - падкрэсліў беларускі лідар. - Даказаў, што ты можаш, можаш прадаць, добрая прадукцыя - наперад".
У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў рэзідэнтаў Мінскага гарадскога тэхнапарка (у студзені кіраўнік дзяржавы наведваў гэту пляцоўку). Пакуль там размешчаны невялікія прыватныя вытворчасці, але іх прадукцыя запатрабавана ў многіх краінах.
"І гэтыя маленькія вытворчасці (і ўласныя, і беларуска-расійскія, і створаныя з замежнымі кампаніямі) мы будзем тыражаваць, калі на прадукцыю будзе попыт. Патрэніраваліся на малой вытворчасці - добра, давайце мы вам завод пабудуем, але вы там вырабляйце сваю прадукцыю і прадавайце. І так будзем тыражаваць па ўсёй краіне. У нас сёння працоўных рэсурсаў ужо не хапае на ўсе гэтыя магутнасці", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы згадаў сустрэчу з камандай "МАЗ-СПОРТаўта". Ён адзначыў адзін важны момант - у гоначных грузавіках выкарыстоўваецца шмат дэталей і вузлоў, якія ёсць і на штатных серыйных аўтамабілях.
"Яны крышаць, ламаюць гэту машыну. Яна вытрымлівае страшныя перагрузкі, і там мы бачым усе недахопы. І я Вязовічу сказаў, што ён павінен працаваць з канструктарамі МАЗа, кіраўніцтвам, начальнікамі цэхаў для таго, каб удасканальваць гэты аўтамабіль. Нам гэта трэба - якасць. Ну і перамагаць. Будзеце перамагаць - будзем вас падтрымліваць і дапамагаць. Такое стаўленне да ўсім, і вас у тым ліку. Будзе вынік - будзем дапамагаць і падтрымліваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта што, МАЗ сюды ўклаў грошы? Не. Гэта грошы нашай дзяржавы. Я сабраў гэтыя грошы са усяго народа і ўклаў сюды, спадзеючыся, што праз 5-10 гадоў вы гэтыя грошы не толькі вернеце, але і падвоіце-патроіце праз падаткі і гэтак далей. Таму мы будзем вам дапамагаць, будзем вас падтрымліваць. Ды і для народа вы робіце добры сродак перамяшчэння. Таму ціха і спакойна будзем рабіць сваю справу. Давайце разлічваць на свае сілы. Калі ў нас будзе сваё, гэта наша. Калі ў нас свайго няма, разлічвайце на некага... А мы ўмеем для жыцця людзей рабіць усё!" - рэзюмаваў беларускі лідар.
Што Лукашэнка патрабуе ад МАЗа
Ад калектыву прадпрыемства Прэзідэнту ўручылі падарачны сертыфікат на прыгарадны аўтобус МАЗ умяшчальнасцю 60 чалавек. Ён будзе перададзены сацыяльна-педагагічнаму цэнтру Заводскага раёна Мінска. У складзе гэтага цэнтра ёсць чатыры структурныя падраздзяленні, у тым ліку дзіцячы сацыяльны прытулак. Сярод задач установы - рэалізацыя праграмы выхавання і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, садзейнічанне органам апекі і папячыцельства ў жыццеўладкаванні непаўналетніх дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная дапамога дзецям і іх законным прадстаўнікам.
"Там жа абяздоленыя людзі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Няхай людзі карыстаюцца".
Аляксандр Лукашэнка, падзякаваўшы гендырэктару МАЗа Валерыю Іванковічу за падарунак, з гумарам заўважыў: "Я вельмі рады, што ты, зрабіў вывад з таго, што мне дарылі ў папярэдні час. Прыеду - мне такую мадэльку маленькую падораць... Я гавару: "Слухайце, столькі для вас зрабіў, а вы мне падарылі нейкую мадэль!" Цэлы аўтобус (цяпер падарылі. - Заўвага БЕЛТА)!"
Прэзідэнт падкрэсліў, што з задавальненнем гатовы прыехаць на адкрыццё новага аўтобуснага завода МАЗа, якое намечана правесці ва ўрачыстай абстаноўцы да 80-годдзя Перамогі. "Праедзем на аўтобусе", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама запэўніў прысутных, што дзяржава прадоўжыць аказваць падтрымку прадпрыемству, але толькі пры адной умове: "Я гатовы дапамагаць вашаму калектыву, вы для мяне родныя, дзеці мае, можна сказаць, якіх я, як тапельцаў, у свой час ратаваў (размова аб рашэнні Прэзідэнта захоўваць такія гіганты, як МАЗ, і аказваць дапамогу з боку дзяржавы ў той час, калі завод зведваў цяжкасці. - Заўвага БЕЛТА). Гатовы. Але толькі за рэзультат. Будзе рэзультат - я з задавальненнем буду дапамагаць".-0-