Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 ліпеня 2024, 15:22

Мінэнерга разлічвае на працягу месяца ўстараніць усе наступствы ўрагану для энергетыкі краіны

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінэнерга разлічвае на працягу месяца ўстараніць усе наступствы ўрагану для энергетыкі краіны. Аб гэтым на селектарнай нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле даных Мінэнерга на 19 ліпеня, электразабеспячэнне ў Гомельскай вобласці забяспечана ў частцы падачы электраэнергіі ўсім населеным пунктам, але ў 170 з іх - за кошт падключэння дызель-генератарных установак, якія, паводле слоў міністра, аператыўна замяняюць у выпадку выхаду са строю. Цяпер у гэтых населеных пунктах энергетыкі сканцэнтраваны на выкананні заявак людзей па падключэнні канкрэтных жылых дамоў. Аналагічныя заяўкі ёсць і ў іншых рэгіёнах краіны (усяго па Беларусі - больш за 3 тыс.), і яны таксама ў прыярытэце. Усяго ж за час разгулу стыхіі тэхналагічныя парушэнні ў электрасетках былі зафіксаваны на працягласці больш як 12,5 тыс. км, без электразабеспячэння ў Гомельскай вобласці засталіся 1175 населеных пунктаў.
"Калі вы скончыце работы па аднаўленні электрычных ліній, як гэта было да ўрагану?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.

"Тыя лініі, якія павінны быць задзейнічаны ў электразабеспячэнні населеных пунктаў, - на працягу месяца. Будуць працаваць дызель-генератары. Але мы складзём графік пасутачна і будзем рухацца па ўсіх населеных пунктах, каб з кожным днём колькасць дызель-генератараў змяншалася", - далажыў Віктар Каранкевіч. Паводле яго слоў, для паскарэння работ прыцягваюцца спецыялісты будаўніча-мантажнага комплексу (яны займаюцца аднаўленнем ліній электраперадачы ў лясным фондзе). А для ўзмацнення сфарміраваны дадатковыя брыгады энергетыкаў з усіх абласцей краіны з задзейнічаннем неабходнай тэхнікі. Усяго заняты на гэтых работах 1,5 тыс. чалавек.
"Трэба павялічваць", - арыентаваў кіраўнік дзяржавы, запатрабаваўшы максімальна задзейнічаць усе кадравыя рэсурсы для правядзення аднаўленчых работ. Пры неабходнасці можна прыцягваць для дапамогі ваеннаслужачых.

Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў задачу ў цэлым паглядзець на стан ліній электраперадачы і не проста аднавіць электразабеспячэнне, а замяніць апоры на новыя, дзе гэта неабходна.
"Губернатары, вазьміце гэта на кантроль. Патрабуйце, каб былі адноўлены ўсе лініі электраперадачы. А старыя лініі трэба замяніць. Гэта вялікая работа, не аднаго дня. Але мы з ім (міністрам. - Заўвага БЕЛТА) дамовіліся, што трэба рабіць. Гэта трэба ўзяць на кантроль", - даручыў беларускі лідар. З боку дзяржавы, запэўніў ён, будзе неабходная фінансавая падтрымка.
Узяць на кантроль адпаведныя пытанні Прэзідэнт даручыў і ўпаўнаважаным кіраўніка дзяржавы ў абласцях. "Калі трэба, раздзяліце першачарговыя і працяглыя тэрміны. Прытым энергетыкаў трэба паднапружыць. Месяц - магчыма, гэта мнагавата (для першачарговых мер па аднаўленні энергазабеспячэння. - Заўвага БЕЛТА). Я разумею, з улікам замены некаторых ліній электраперадачы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Няхай упаўнаважаныя разбяруцца па абласцях і даложаць. Прыярытэт - Гомельская вобласць і тыя вобласці, якія часткова пацярпелі". Што датычыцца тэрмінаў на правядзенне працяглых работ па мадэрнізацыі ліній электраперадачы, то яны таксама будуць устаноўлены распараджэннем кіраўніка дзяржавы пасля аналізу сітуацыі з боку ўпаўнаважаных па рэгіёнах.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі