24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Памочнік Прэзідэнта Беларусі Мікалай Корбут і старшыня СВК "Агракамбінат Сноў" Мікалай Радаман удастоены ордэна Айчыны III ступені. Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Акрамя таго, ордэнам "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўзнагароджаны начальнік упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння МНС Ігар Болатаў і начальнік Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС Руслан Салодкін.
Ордэнам Пашаны адзначаны 16 чалавек. Сярод іх генеральны дырэктар ААТ "Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання" - кіруючая кампанія холдынга "Аўтакампаненты" Анатоль Капскі, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Песціс.
Мастак-жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Салаўёў і галоўны рэжысёр, генеральны прадзюсар ТАА "Профіартвідэан" Аляксандр Ціхановіч удастоены ордэна Францыска Скарыны.
Усяго ў адпаведнасці з дакументам больш за 190 работнікаў розных сфер дзейнасці ўдастоены дзяржаўных узнагарод за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выратаванні людзей, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у прамысловасці і будаўніцтве, сельскай і лясной гаспадарцы, значны асабісты ўклад у развіццё галіны навуковых даследаванняў, энергетычнай сістэмы, сферы адукацыі, аховы здароўя, бытавога абслугоўвання насельніцтва, мастацтва, культуры і спорту.-0-