Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
08 лістапада 2024, 16:29

Лукашэнку ў Полацку падарылі баявы меч часоў Усяслава Чарадзея
 

8 лістапада, Полацк /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку на абласным фестывалі "Дажынкі-2024" у Полацку падарылі рэпліку баявога мяча часоў князя Усяслава Чарадзея, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што, нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор'я, паўночны рэгіён уносіць уклад у агульны намалот збожжавых рэспублікі, і ад імя хлебаробаў уручыў кіраўніку дзяржавы каравай са збожжа гэтага года. "На Віцебшчыне жывуць цудоўныя людзі, і яны па праву лічаць вас сваім земляком, мы гэтым ганарымся і гэта вельмі цэнім", - сказаў Аляксандр Субоцін.
Таксама ён падкрэсліў, што Полацк з'яўляецца гістарычным, культурным і рэлігійным цэнтрам нашай краіны. Тут упершыню ў Беларусі былі пабудаваны мураваны храм, першы манастыр. І яшчэ горад быў цэнтрам аднаго з самых моцных княстваў - Полацкага, менавіта таму Прэзідэнту падрыхтавалі такі незвычайны падарунак.

Меч як сімвал улады і мужнасці кіраўніку дзяржавы паднеслі на шкуры ваўка. І не проста так.
З усіх прадстаўнікоў полацкай княжацкай дынастыі самым вялікім правіцелем быў менавіта Усяслаў Брачыславіч (правіў у 1044-1101 гады). Яго назвалі Чарадзеем з-за яго палітычнай мудрасці і ўмення перамагаць у самых складаных абставінах. Пры ім Полацкае княства дасягнула найвышэйшай магутнасці. Сучаснікі лічылі, што князь мог ператварацца ў ваўка, які лічыўся ў славян заступнікам воінаў, каб аглядаць і ахоўваць ад непрыяцеляў свае ўладанні.

Меч гістарычна заўсёды быў сімвалам не толькі ўлады і ваеннай магутнасці, але і абароны жыхароў княства ад ворагаў. Таму гэта зброя шырока выкарыстоўваецца на эмблемах розных сілавых структур.

Шкура ваўка выкарыстоўвалася як элемент адзення воінаў. Самога Усяслава Чарадзея ў мастацтве і літаратурных творах заўсёды адлюстроўваюць з воўчай шкурай. Такім ён паўстае і на помніку ў Полацку.

Пры стварэнні мяча выкарыстоўваліся выключна тэхналогіі, характэрныя для Сярэдневякоўя: кавальская зварка, каванне, цісненне, вараненне, інкрустацыя бронзай і дамаскіроўка дротам. Ён выкананы з жалеза, моранага дуба, бронзы і скуры. Даўжыня мяча ў ножнах 101 см, а вага 1,5 кг.
Уручаючы меч Прэзідэнту краіны, Аляксандр Субоцін адзначыў: "Каму, як не вам, выкарыстоўваць пераемнасць пакаленняў, мець гэты сімвалічны падарунак для абароны, умацавання нашай краіны".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі