Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 кастрычніка 2024, 20:24

Лукашэнка заявіў, што беларуская нацыя можа рабіць усё. Але пра што менавіта гаварыў Прэзідэнт?

Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання ААТ "Пеленг", кастрычнік 2011 года
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання ААТ "Пеленг", кастрычнік 2011 года
Як вы думаеце, калі Беларусь атрымала права называць сябе касмічнай дзяржавай? Можа, у сакавіку 2024 года, калі першы ў гісторыі суверэннай Беларусі касманаўт Марына Васілеўская адправілася з навукова-даследчай місіяй на МКС? Ці ў ліпені 2012 года, калі першы беларускі спадарожнік БКА быў паспяхова запушчаны на арбіту? На самай справе старт касмічнай эры ў Беларусі прыпадае на 50-я гады мінулага стагоддзя. Менавіта тады паміж Савецкім Саюзам і Злучанымі Штатамі пачалася касмічная гонка. Беларускія вучоныя і інжынеры ўдзельнічалі ў стварэнні многіх тэхнічных навінак, без якіх касмічныя палёты былі б проста немагчымымі.

У новым выпуску YouTube-праекта БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" вы даведаецеся, як беларусы змянілі ўяўленне аб касмічным прыборабудаванні і навучылі спадарожнікі разглядаць Зямлю да самых дробязей. Што агульнага паміж касмічнай галіной, метэаралогіяй, крыміналістыкай і абараназдольнасцю дзяржавы. А яшчэ мы раскажам, якія прадпрыемствы Аляксандр Лукашэнка называе "прадпрыемствамі заўтрашняга дня" і што, паводле слоў Прэзідэнта, з'яўляецца лакмусавай паперкай, якая можа ацаніць магчымасці і здольнасці дзяржавы.


Як у Беларусі сталі вырабляць апаратуру для касмічных сістэм


Каб знайсці адказы на абазначаныя пытанні, мы зазірнулі ў госці да вядучага вытворцы оптыка-электроннай прадукцыі ў Беларусі. Прадпрыемства "Пеленг" хоць і адкрытае акцыянернае таварыства, але, па сутнасці, закрыты сакрэтны аб'ект. Кампанія была ўтворана ў 1974 годзе, калі аддзел галоўнага канструктара Мінскага механічнага завода вылучыўся ў самастойнае прадпрыемства - Цэнтральнае канструктарскае бюро "Пеленг". Яго візітнай карткай стала апаратура для касмічных апаратаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

"ЦК КПСС і Савет Міністраў даручылі Беларускаму оптыка-механічнаму аб'яднанню прыняць удзел у рабоце па стварэнні касмічнага тапаграфічнага апарата. У той час асноўнымі вытворцамі касмічных сістэм былі Ленінградскае оптыка-механічнае аб'яднанне і Краснагорскі оптыка-механічны завод. Яны былі перагружаны работай, таму гэта даручылі беларусам. Пытанне было для нас абсалютна новае, абсалютна складанае, але пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў абавязвалі нас выканаць усё своечасова і ў тэрмін", - успамінае старшыня савета дырэктараў ААТ "Пеленг", генеральны дырэктар прадпрыемства ў 1998-2020 гадах Уладзімір Пакрышкін.

За мінулыя 50 гадоў - а ўлічваючы, што аддзел галоўнага канструктара з'явіўся на Мінскім механічным заводзе ў далёкім 1956 годзе, то за шэсць з паловай дзесяцігоддзяў калектыў прадпрыемства сканструяваў, выпрабаваў і ўкараніў у серыйную вытворчасць такую колькасць вырабаў, што на простае пералічэнне іх назваў пайшоў бы не адзін выпуск нашага праекта.

Многія распрацоўкі на момант іх стварэння не мелі аналагаў не толькі ў СССР, але і ва ўсім свеце, а па шэрагу напрамкаў спецыялістам прадпрыемства давялося выступаць у ролі першапраходцаў.

"Адна справа фатаграфаваць паверхню Зямлі і атрымліваць фотаздымак, іншая справа - рабіць вымяральны фотаздымак. Гэта значыць фотаздымак, у якім няма памылак, каб можна было скласці карту. Таму што калі на плёнцы ёсць якое-небудзь скажэнне ў мікронах, то на карце гэта будзе праяўляцца ў кіламетрах, - растлумачыў Уладзімір Пакрышкін. - Таму гэта была вельмі складаная тэхнічная работа ў частцы атрымання высокай дакладнасці, але мы выканалі патрабаванні тэхнічнага задання".

Каму належыць "Пеленг" і чаму дзяржава не прадае сваю долю ў кампаніі

Але якой бы наватарскай ні была канструктарская думка на прадпрыемстве, як бы беларускія вучоныя ні стараліся апярэдзіць час, ім не ўдалося пазбегнуць долі, якая абрушылася на ўсю краіну з развалам Савецкага Саюза і разрывам эканамічных сувязей з іншымі постсавецкімі рэспублікамі. Спецыялістам прадпрыемства даводзілася брацца практычна за любую работу. Толькі з'яднанасць і працавітасць, адданасць свайму прызванню дапамаглі калектыву "Пеленга" выстаяць у цяжкія 90-я, захаваць вытворчы патэнцыял і закласці трывалы фундамент для паступальнага развіцця.

У 1994 годзе Цэнтральнае канструктарскае бюро "Пеленг" было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства і стала прыватнай кампаніяй з дзяржаўнай доляй крыху меншай за 50 працэнтаў. Астатнія акцыі былі размеркаваны паміж кіраўніцтвам і супрацоўнікамі прадпрыемства.

З часам "Пеленг" стаў лідарам у вытворчасці оптыка-электроннага абсталявання для касмічнай галіны і ваенна-прамысловага комплексу на прасторы СНД. Беларускімі тэхналогіямі актыўна цікавіўся Кітай, а расійскія партнёры наогул спрабавалі выкупіць дзяржаўную долю ў статутным капітале прадпрыемства. Але Аляксандр Лукашэнка заўсёды падкрэсліваў: прадпрыемства павінна працаваць на беларускую эканоміку і нацыянальныя інтарэсы краіны, на абарону і бяспеку як у мірных мэтах, так і ў стратэгічных.

"Краіна павінна мець іншае аблічча. Гэты напрамак трэба выводзіць на мільярдныя рубяжы. Што трэба - будзем дапамагаць. Гэта іншыя рубяжы, іншы менталітэт нацыі. Сеялка, трактар, камбайн - гэта добра, але касмічныя тэхналогіі - вось што галоўнае", - заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства ў ліпені 2010 года.

Паводле слоў Уладзіміра Пакрышкіна, прапановы аб набыцці дзяржаўнай долі ў "Пеленгу" з боку замежных партнёраў даходзілі да ўрадавага ўзроўню, але Прэзідэнт канчаткова паставіў кропку ў гэтым пытанні. "Ён сказаў: "Пеленгу" трэба развівацца ў сваёй краіне. І пытанне аб перадачы або продажы акцый больш не ўзнімалася пасля рашэння Прэзідэнта", - адзначыў старшыня савета дырэктараў.

Што вырабляюць на ААТ "Пеленг" сёння

"Пеленг" спецыялізуецца на распрацоўцы і выпуску касмічнай тапаграфічнай здымачнай апаратуры і фотаграметрычнай тэхнікі, прыбораў для траекторных вымярэнняў. Акцыянернае таварыства адпрацавала прынцыпова новыя канструктарска-тэхналагічныя падыходы, якія дазваляюць ствараць апаратуру дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі высокага распазнавання, а таксама стварыла ўнікальнае тэхналагічнае абсталяванне для рэалізацыі гэтых падыходаў.

Прадпрыемства таксама асвоіла выпуск шырокай лінейкі метэаралагічнага абсталявання для гідраметэаралагічных сеткавых станцый і пастоў, метэаралагічных службаў аэрапортаў. Акрамя таго, кампанія спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці ахоўных сістэм граніцы і розных аб'ектаў, сродкаў забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці, крыміналістычнай тэхнікі.

У 2015 годзе кіраўнік дзяржавы зноў пабываў на ААТ "Пеленг". Свой чарговы візіт на прадпрыемства ён тады растлумачыў так: "Чаму я прыехаў - каб пераканацца ў тым, што наша беларуская нацыя можа рабіць усё, што робяць у свеце. Калі кіраўнік варушыцца (трэба аддаць яму належнае), то да яго і прэтэнзій быць не можа. Краіна толькі тады можа лічыцца бяспечнай і мець перспектывы для існавання, у тым ліку і для развіцця, калі яна будзе займацца тэхналогіямі заўтрашняга дня. І такіх прарыўных напрамкаў у нас дастаткова, у тым ліку і ў абараназдольнасці. Галоўнае - не спыніцца. Трэба ісці наперад".
Як няўдалы запуск спадарожніка падштурхнуў касмічнае прыборабудаванне ў Беларусі

Яшчэ ў 2003 годзе Прэзідэнт Беларусі паставіў вучоным і канструктарам задачу стварыць свой уласны спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Першы апарат "БелКА" быў запушчаны з касмадрома Байканур у 2006 годзе. Але ўсё закончылася сумна: ракета-носьбіт пацярпела аварыю і амаль два дзясяткі спадарожнікаў на яе борце не былі дастаўлены.

На стартавай пляцоўцы тады прысутнічаў і Аляксандр Лукашэнка. Усе чакалі яго даручэнняў, меркавалі, што будзе далей... Кіраўнік дзяржавы прыняў вельмі мудрае і мужнае рашэнне - паўтарыць спробу яшчэ раз і стварыць апаратуру больш высокага класа. Што і было зроблена.

Дзякуючы беларускім распрацоўкам вагу новага спадарожніка ўдалося знізіць да 400 кг, у той час як узоры партнёраў з аналагічным наборам функцый важылі каля 6,5 т. З часам была ўдасканалена і оптыка - цяпер яна дазваляе касмічным апаратам з вышыні 500-600 км рабіць здымкі Зямлі з распазнаваннем да аднаго квадратнага метра. У бліжэйшыя гады фатаграфіі з арбіты павінны стаць яшчэ больш інфармацыйнымі - з распазнаваннем меншым за паўметра.

"Многія абмяркоўваюць, навошта нам займацца космасам, гэта ж, напэўна, толькі трата грошай. Не, гэта не трата грошай. Гэта таксама эканамічна апраўданы праект. На гэтай справе мы ўжо зарабілі больш за $200 млн: столькі было выпушчана прадукцыі. І перспектывы сведчаць аб тым, што такія тэмпы будуць і далей", - расказаў Уладзімір Пакрышкін.

Якія спадарожнікі распрацоўваюць на ААТ "Пеленг"

Дзмітрый Сікорскі, намеснік генеральнага дырэктара "Пеленга" па навукова-тэхнічным развіцці, праводзіць нам невялікую экскурсію па зборачным участку касмічнай апаратуры. Тут займаюцца юсціроўкай, факусіроўкай, зборкай і настройкай буйнагабарытных тэлескопаў. Оптыка-электронная здымачная апаратура ад "Пеленга" дазваляе рабіць здымкі Зямлі з распазнаваннем меншым за 1 м.
"Цяпер мы распрацоўваем канструктарскую дакументацыю для новага расійска-беларускага касмічнага апарата, распазнаванне якога будзе 35 сантыметраў. Другі бізнес-напрамак, які мы лічым вельмі перспектыўным, - гэта стварэнне простай тэхналагічнай і таннай апаратуры. Яна павінна хутка і лёгка вырабляцца, выпрабоўвацца і пастаўляцца заказчыку. Яна павінна быць тэхналагічнай і простай, каб на яе базе будаваць вялікія, шматспадарожнікавыя групоўкі ад 10 да 100 касмічных апаратаў", - адзначыў Дзмітрый Сікорскі.

Стаўка на развіццё высокіх тэхналогій - прыярытэт нумар адзін

"Дарагая рэч, але развіццё космасу - адзін з прыярытэтаў у нас, таму што гэта высокія тэхналогіі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка ў 2020 годзе на сустрэчы з Дзмітрыем Рагозіным, які ў той час кіраваў дзяржкарпарацыяй "Раскосмас".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што стаўка на развіццё высокіх тэхналогій у Беларусі - прыярытэт нумар адзін, паколькі краіна не збалавана прыроднымі рэсурсамі. "Беларусь заўсёды зарабляла за кошт мазгоў і рук людзей, іх кампетэнцый, кваліфікацыі. Космас - гэта лакмусавая паперка для таго, каб ацаніць магчымасці і здольнасці той ці іншай дзяржавы, народа", - заявіў Прэзідэнт.

Са снежня 1974 года, калі "Пеленг" стаў самастойным прадпрыемствам, мінула пяць дзесяцігоддзяў. За гэты час свет кардынальна змяніўся. Распаўся Савецкі Саюз, які займаў шостую частку зямнога шара, з'явілася суверэнная Рэспубліка Беларусь, былі цалкам рэарганізаваны эканамічныя адносіны і вытворча-кааперацыйныя сувязі ў нашай краіне, створаны сучасныя тэхналогіі і матэрыялы. Не змяніўся толькі напрамак дзейнасці прадпрыемства і гатоўнасць яго калектыву браць любыя, і ва ўсіх сэнсах гэтага слова, касмічныя вышыні.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі