28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія на працягу пяці гадоў могуць выйсці практычна на поўнае імпартазамяшчэнне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 кастрычніка на сустрэчы з губернатарам Сахалінскай вобласці Расіі Валерыем Лімарэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нам трэба быць незалежнымі па ўсіх напрамках. Нам трэба зрабіць так, каб не да нас везлі розныя тавары, а ад нас вывозілі і прыязджалі сюды, у Расію і Беларусь, і прасілі, каб мы ім вырабілі тыя ці іншыя тавары", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У гэтым напрамку бакі зрабілі ўжо вельмі шмат. Расія дапамагае Беларусі крэдытнымі рэсурсамі пры рэалізацыі сумесных праектаў. "Больш таго, мы больш цяпер маем праектаў, чым планавалі. Пачынаючы ад нейкай "дробязі" (мікраэлектронікі) і заканчваючы самалётабудаваннем. Мы будзем будаваць у Беларусі самалёт "Асвей", які ў перспектыве будзе вельмі запатрабаваны. Ён сёння вельмі запатрабаваны ў Расійскай Федэрацыі, а для нас гэта новыя гарызонты, новыя кампетэнцыі. І так па ўсіх напрамках - мы павінны быць незалежныя ў эканоміцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Думаю, што за наступную пяцігодку, калі, вядома, нас будуць вось так ціснуць, мы выйдзем на практычна поўнае імпартазамяшчэнне. Калі націску не будзе, можам расслабіцца, - адзначыў з доляй гумару кіраўнік дзяржавы. - Таму ўсе гэтыя санкцыі - яны і час магчымасцей".-0-