Фота з архіва
10 жніўня, Шклоў /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Шклоўскі раён расказаў пра інцыдэнт у паветранай прасторы, які здарыўся напярэдадні вечарам і быў звязаны з парушэннем паветранай прасторы з боку Украіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Учора ў 18 гадзін 10 мінут сілы ВПС і войскаў ППА Беларусі былі пераведзены ў павышаную баявую гатоўнасць. Гатоўнасць нумар 1 у нас называецца. Дзяжурныя сілы проціпаветранай абароны. Справа ў тым, што (мы падазраём, што гэта не першы раз) Узброеныя Сілы Украіны парушылі ўсялякія правілы паводзін і парушылі паветраную прастору Рэспублікі Беларусь. На ўсходнім напрамку, зусім побач ад нас у раёне Касцюковіцкага раёна, - расказаў Прэзідэнт. - Таму сілы ППА былі прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць на перахоп цэлей. Іх было каля дзясятка. Вылецелі самалёты, верталёт. І таксама сродкі РСЗА былі пераведзены ў павышаную баявую гатоўнасць".
"У 19 гадзін 4 мінуты на вышыні паўтара кіламетра і далёкасці 6,5 кіламетра сіламі проціпаветранай абароны было знішчана некалькі цэлей над тэрыторыяй Беларусі. Ноччу і сёння з раніцы адбываецца пошук таго, што было знішчана. Мы падазраём, што гэта ўдарныя беспілотнікі. Парушыўшы паветраную прастору Беларусі, ляцелі з Украіны. Над тэрыторыяй Беларусі мы знішчылі цэлі. Астатнія былі перададзены (у нас адзіная ППА з Расіяй) Расійскай Федэрацыі. І, паводле інфармацыі Генеральнага штаба Расіі і камандуючага гэтым напрамкам проціпаветранай абароны Расіі, гэтыя цэлі былі знішчаны пад Яраслаўлем. Першы напрамак - Смаленск. Але потым яны змянілі траекторыю палёту - тыя, якія над Расіяй засталіся, і накіраваліся ў раён Яраслаўля. Але былі перахоплены ўжо расійскімі сістэмамі ППА і знішчаны", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Міністэрству абароны, Генеральнаму штабу Узброеных Сіл Беларусі дадзены даручэнні правесці адпаведныя мерапрыемствы для таго, каб надзейна забяспечыць бяспеку дзяржавы. "Навошта гэта Украіне, я не разумею. Нам трэба разабрацца. Але мы, як я гаварыў, дакладна вызначаліся з імі і давялі да іх гэту інфармацыю, што без адказу любыя правакацыі не застануцца", - сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў высокі ўзровень узаемадзеяння з расійскімі войскамі ППА. Абсалютна ўсе цэлі былі знішчаны як над тэрыторыяй Беларусі, так і над тэрыторыяй Расіі.
"Непрыемна тое, што ўкраінцы, як я вас і папярэджваў шмат разоў, гэтым самым паказваюць, што ні да якога міру яны не гатовы і прадаўжаюць эскалацыю гэтай напружанасці. Два дні таму атака на курскім напрамку, дзе яны рушылі на некалькі дзясяткаў кіламетраў - 30-35 ужо сёння. Акопваюцца там. Ну і вось гэта правакацыя з мэтай удараў па Расійскай Федэрацыі, - канстатаваў беларускі лідар. - Не хацелася б сёння гэтымі пытаннямі ў такім ключы займацца. Але нікуды не дзенешся. Я думаю, што гэта правакацыя яшчэ доўга будзе абмяркоўвацца ў СМІ, але каб не было зноў розных інсінуацый, я праінфармаваў аб тым, што адбылося".
"Гэта лішні раз сведчыць аб тым, мужыкі, што нам трэба тут на зямлі працаваць не пакладаючы рук і даваць адпаведныя вынікі, каб пазбегнуць таго, што адбываецца сёння ва Украіне", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-