Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 чэрвеня 2024, 09:23

Лукашэнка заявіў аб намеры Беларусі развіваць супрацоўніцтва з Манголіяй па шырокім спектры напрамкаў

Аляксандр Лукашэнка і Ухнаагійн Хурэлсух
Аляксандр Лукашэнка і Ухнаагійн Хурэлсух
3 чэрвеня, Улан-Батар /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае намер развіваць супрацоўніцтва з Манголіяй па шырокім спектры напрамкаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў па выніках афіцыйных перагавораў ва Улан-Батары, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння мы вызначылі стратэгічныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва. І не толькі стратэгічныя. Прадметна абмеркавалі канкрэтныя эканамічныя і кааперацыйныя праекты. Я ўчора і сёння гаварыў вам аб тым, што нам бы мець хаця б тры канкрэтныя праекты для развіцця. Аднак дакументы, якія мы сёння падпісалі, сведчаць аб тым, што гэта ўжо значна больш, чым тры праекты, - сказаў беларускі лідар. - Кожны з іх адпавядае мэтам і задачам такіх нацыянальных праграм Манголіі, як "Бачанне-2050", "Харчовая рэвалюцыя", "Мільярд дрэў" і іншыя".

Бакі дамовіліся аб пастаўках беларускай тэхнікі для горназдабыўной прамысловасці, сельгастэхнікі і абсталявання, машын для ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Размова ідзе і аб магчымасці навучання мангольскіх грамадзян рабоце з гэтай тэхнікай, а таксама павелічэнні колькасці мангольскіх студэнтаў у Беларусі.

Прэзідэнт Беларусі таксама выказаўся за стварэнне на тэрыторыі Манголіі сумесных зборачных прадпрыемстваў, у тым ліку трактароў, аўтамабіляў, ліфтаў, кар'ерных самазвалаў. І на гэтых прадпрыемствах ужо вучыць мангольскую моладзь. "Калі аб'ёмы паставак будуць расці, мы будзем ствараць сумесныя прадпрыемствы. І ў гэтым плане разлічваем на поспех беларускай тэхнікі і тэхналогій", - сказаў ён.

Жыхары Манголіі таксама знаёмы з беларускай прадукцыяй лёгкай прамысловасці, прадуктамі харчавання, цэняць іх за якасць і даступную цану. Таму Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні аб'ёмаў і пашырэнні наменклатуры паставак. "Разглядаем магчымасць адкрыцця спецыялізаваных беларускіх гандлёвых пляцовак", - заявіў Прэзідэнт.

"Беларусь настроена на доўгатэрміновае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, таму гатовы выкарыстоўваць у тым ліку механізмы льготнага фінансавання праектаў", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добра знаёмы з асвятленнем яго візіту ў Манголію - як са станоўчымі, так і адмоўнымі водгукамі, меркаваннем апазіцыі ў гэтай краіне. "Для другіх, апазіцыянераў, павінен сказаць: мы не прыехалі сюды выгаду нейкую знайсці. У нас тавараабарот каля $30 млн. Мізэрны. Мы ўчора з Прэзідэнтам абмяркоўвалі гэта пытанне, - заўважыў беларускі лідар. - Мы хочам яго павялічыць. Але не дзеля нашай толькі выгады. У нас высокатэхналагічная краіна з часоў Савецкага Саюза. Калі Манголія зацікаўлена ў нашых тэхналогіях (а мы можам вам любое пытанне вырашыць), мы можам канкурыраваць на сумленнай аснове з любой дзяржавай, якая размешчана тут побач".

"Мы не за выгадай прыехалі. Мы хочам аднавіць нашы адносіны, якія заўсёды былі не сяброўскімі, а братэрскімі. Вось аснова нашага візіту!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Манголіі, як і ў Беларусі, ёсць вялікія суседзі і шмат шчырых сяброў па ўсім свеце. "Таму нам блізкі, зразумелы і вельмі імпануе прагматычны падыход Улан-Батара ў знешняй палітыцы. Вам вельмі складана. Мы ў такой жа сітуацыі знаходзімся, пазбаўлены выхадаў да мора. Вы заціснуты дзвюма імперыямі, як у народзе кажуць. Мы - таксама, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы з упэўненасцю можам сказаць, што ў глабальным плане ў нашых краін не было і няма якіх-небудзь праблем і рознагалоссяў. Гэта ўсё заснавана на нашых даўніх адносінах яшчэ з часоў Савецкага Саюза".

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў прагрэс у развіцці Манголіі за апошнія тры дзясяткі гадоў.

Беларусь падтрымлівае памкненне Улан-Батара да канца бягучага года заключыць часовае пагадненне аб гандлі з ЕАЭС, што адкрывае шлях да росту ўзаемнага тавараабароту, а таксама мангольскага экспарту не толькі ў Беларусь. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што настаў час удзяліць гэтаму асаблівую ўвагу. "Зноў жа, хачу звярнуцца да вашых сапернікаў, апазіцыі. Мы ж якую тут выгаду атрымаем, калі падтрымаем вашы кантакты з ЕАЭС? Гэта вашы суседзі бліжэйшыя. І вы павінны з імі разгортваць шырокае ўзаемадзеянне. Мы гатовы падставіць сваё плячо", - запэўніў беларускі лідар.

"Са свайго боку мы ў даўгу не застанёмся. Нашы спажыўцы зацікаўлены ў вашых якасных таварах. Такія тавары, як кашмір, вырабы з воўны, скуры, у нас на ўра. Мы гатовы аказаць садзейнічанне мангольскаму боку ў адкрыцці спецыялізаваных магазінаў у Беларусі, у тым ліку ў горадзе Мінску", - запэўніў беларускі лідар.

Акрамя эканомікі размова на перагаворах таксама ішла аб супрацоўніцтве ў сферах навукі і адукацыі, прыродаахоўнай дзейнасці, культуры, СМІ, спорту, турызму. Ёсць агульны інтарэс да ўзаемадзеяння ў галіне бяспекі, праваахоўнай дзейнасці, ліквідацыі надзвычайных сітуацый. "Асабліва што датычыцца бяспекі і абароны вашай краіны. Вы валодаеце незлічонымі багаццямі. У вас у зямлі ёсць усё, нават тое, аб чым вы яшчэ толькі здагадваецеся. І вы што, думаеце, вам дадуць спакойна жыць? Таму гэта трэба ўмець абараніць. Мы гатовы вам падставіць плячо. Закрытых тэм у супрацоўніцтве з вамі няма і ніколі не будзе. Вы - нашы блізкія людзі", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што акрамя 14 двухбаковых дакументаў, падпісаных па выніках афіцыйных перагавораў, яшчэ паўтара дзясятка розных кантрактаў заключаны ў рамках сумеснага бізнес-форуму ва Улан-Батары. "Гэта сведчыць аб тым, што мангольскія спецыялісты зацікаўлены ў Беларусі. Гэтак жа, як і мы", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў за сардэчны прыём у Манголіі: "На мяне зрабілі вялікае ўражанне гасціннасць людзей і хараство прыроды Краіны вечна сіняга неба. Праўда, мы прывезлі вам дождж. Гэта к добраму настрою і поспеху нашых перагавораў. Візіт на вышэйшым узроўні ў вашу цудоўную краіну - першы з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін у 1992 годзе, да якога я таксама крыху меў дачыненне, будучы дэпутатам парламента".

Візіт беларускай дэлегацыі праходзіць напярэдадні важнай для Манголіі падзеі - парламенцкіх выбараў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пажадаў паспяхова прайсці гэту выбарную кампанію, а таксама міру, дабра і працвітання народу Манголіі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі