Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 верасня 2024, 21:05

Лукашэнка: заходнія спецслужбы гавораць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі. Падстава - беспілотнікі

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка
17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заходнія спецслужбы гавораць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на патрыятычным форуме ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што збеглыя і іх заходнія куратары зноў спрабуюць узбаламуціць грамадства і стварыць у Беларусі сітуацыю перадмяцежнага характару напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, пачынаюць выпрацоўваць планы дзеянняў. "Усё было. І атака ў СМІ. Мы спрабуем дастойна на гэта адказаць. Сведчаннем таго з'яўляецца пачатак работы нашага Першага інфармацыйнага канала. Гэта дастойны адказ", - адзначыў беларускі лідар.

Не скідваюць апаненты з разліку і ўзброенае нападзенне на Беларусь. "Як спецслужбы Захаду гавораць, нашы будуць змагацца за ўладу тут. Ну, мы разумеем, як гэта бывае: наперадзе ідуць ашалелыя з радоў нашых, а наступныя - не нашы. Мы гэта бачылі ў 2020 годзе. Праўда, не атрымалася. Не скідваюць яны з разліку і сёння. Рыхтуюць харугвы, цэлыя палкі. Раней іх называлі ўласаўцамі, якія заходзілі, дарэчы, разам з рускімі ўласаўцамі, нашы, беларусы, на Курскую вобласць. Праўда, іх сотня чалавек, не больш. Але ўсе яны мараць прыйсі сюды са зброяй у руках", - расказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў святочны дзень зусім не спрабуе нагнятаць нейкую абстаноўку. "Я хачу проста вам працытаваць адзін дакумент: паводле даных нашых спецслужбаў у ходзе закрытай часткі перагавораў нашых збеглых у адной з краін (не называю па пэўных прычынах) прадстаўнікі ЗША агучылі наступныя тэзісы: з сярэдзіны верасня па пачатак лістапада ЗША чакаюць істотную эскалацыю ваеннай абстаноўкі як з боку Масквы, так і з боку Кіева. На фронце. Я хачу, каб гэта пачулі і расіяне. Мы да іх не даводзілі пакуль гэту інфармацыю, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Заходнія спецслужбы гавораць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі. Нібыта зацішша. Так, у Курск зайшлі (украінскія ваенныя. - Заўвага БЕЛТА), сыходзяць - сыдуць, украінцы там не ўтрымаюцца. Але гэта не трэба амерыканцам. Трэба, каб вайна прадаўжалася да апошняга ўкраінца, а яшчэ лепш - рускага. Ім патрэбна вайна. І гэта зацішша, якое настала на фронце, ім не трэба. Ім патрэбна эскалацыя. Таму гавораць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі сітуацыі".

Пры гэтым, што датычыцца эскалацыі на беларускім напрамку, размова ідзе не пра ўступленне ў баявыя дзеянні Узброеных Сіл Беларусі. "Мы гэта ніколі не зробім, калі чужы бот не ступіць на нашу зямлю", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, маецца на ўвазе рэакцыя Кіева ў адказ на пралёты расійскіх беспілотнікаў праз тэрыторыю Беларусі, аж да атак на прыгранічную інфраструктуру. "Гэта значыць, амерыканцы ўказалі Кіеву, калі складуцца абставіны, атакаваць нашу інфраструктуру па паўднёвай граніцы. Прычына - расійскія беспілотнікі лятаюць над тэрыторыяй, побач з тэрыторыяй Беларусі", - расказаў ён.

"Павінен вам адкрыта заявіць: мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы не будзем у СМІ падсвечваць факты залёту беспілотнікаў, і расійскіх, і ўкраінскіх, на нашу тэрыторыю, - адзначыў Прэзідэнт. - Чаму гэта адбываецца? Таму што і тыя, і другія дрэнна кіруюць гэтымі беспілотнікамі. Па-першае, новыя для іх. Па-другое, працуюць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія збіваюць з курсу беспілотнікі. І адзін з іх мы знайшлі аж пад Бабруйскам - у цэнтры Беларусі. І гэта былі ўкраінскія беспілотнікі, а не расійскія. Хоць і з другога боку бывае. Мы дамовіліся".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лялькаводы з Вашынгтона, тым не менш, штурхаюць Украіну да процістаяння з Беларуссю. "І я хачу спытаць у амерыканцаў: вы міру хочаце, мірных перагавораў або эскалацыі сітуацыі? Я не дарэмна пра гэта пытаюся. Таму што яны апошнім часам вельмі часта намякалі нам аб перагаворах. І нават выставілі ўмовы да гэтых перагавораў. Мы згадзіліся. А як тады гэта разумець?" - паставіў пытанне беларускі лідар.

"Вось іх палітыка. І тады так было. Праз прыкладна 100 гадоў усё гэта паўтараецца. Мы гэта ўсё праходзілі. Таму што мы жывём у эпіцэнтры на скрыжаванні ўсіх шляхоў", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў тым ліку нагадаў і пра вайну з арміяй Напалеона, Першую сусветную вайну і іншыя маштабныя канфлікты. Усе яны пракаціліся па Беларусі, прынеслі шмат гора і разбурэнняў.

"Гісторыя паўтараецца. Але я хачу проста ў сувязі з гэтым папярэдзіць нашых праціўнікаў, нашых сапернікаў. І тых, што не разумее яшчэ. Не трэба гэта рабіць! Гэта не пойдзе на карысць не толькі рэгіёну Еўропы, але і ўсёй планеце. Нападзенне на Беларусь, запомніце гэта, - гэта трэцяя сусветная вайна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму ні ў якім разе ні ўкраінцам, ні расіянам, яны гэта вельмі добра  разумеюць, ні амерыканцам, якія хочуць адседзецца за акіянам, гэтага рабіць нельга".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі