27 ліпеня, Нясвіжскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць аператыўнага і якаснага правядзення ўборачнай кампаніі. Аб гэтым ён заявіў сёння ў час рабочай паездкі ў Нясвіжскі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Выбары выбарамі, а есці ўсе хочуць. Таму галоўнае павінна быць сканцэнтравана тут. Выбары- гэта ўжо другаснае", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што хто б ні быў на пасадзе прэзідэнта або губернатара, хлеб будзе патрэбны заўсёды. "І не дай бог паўтарыць 90-я гады. Я ўжо расказваў. Калі ў Мінску было на тры дні мукі, каб хлеб спячы. Таму чаго б нам ні каштавала, гэты хлеб трэба ўзяць і аднавіць рэзервы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, звярнуў увагу на Мінскую вобласць. "2 млн т (збожжа. - Заўвага БЕЛТА) сёння - гэта твой мінімум. Тут нават размаўляць няма чаго. На гэта трэба настройвацца", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да губернатара Аляксандра Турчына.
Ён адзначыў, што сабраць вялікі ўраджай выгадна і самім аграрыям, бо цяпер не так, як было ў савецкі час: больш атрымаў - больш забралі. "Ніхто нічога не забірае. Вы яшчэ самі будзеце імкнуцца, каб прадаць. Самыя лепшыя пакупнікі - гэтыя тыя, хто вырабляе мяса і малако. Усё збожжа (ураджай каласавых збожжавых. - Заўвага БЕЛТА) трэба людзям аддаць на хлеб. І на фураж, і атрымаць мяса і малако", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко таксама далажыў Прэзідэнту аб рабоце па пастаўках сельгаспрадукцыі на экспарт.-0-