1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вопыт Беларусі ў ядзернай энергетыцы спатрэбіцца Міжнароднаму агенцтву па атамнай энергіі (МАГАТЭ). Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 кастрычніка на сустрэчы з генеральным дырэктарам МАГАТЭ Рафаэлем Гросі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь з'яўляецца членам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі з моманту ўтварэння арганізацыі. Паводле яго слоў, у краіне заўсёды надавалі і надаюць вельмі сур'ёзнае значэнне супрацоўніцтву з МАГАТЭ.
"Гэта перш за ўсё тлумачыцца тым, што мы сталі ядзернай дзяржавай: мы пабудавалі атамную станцыю, - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. - Дарэчы, хацеў бы звярнуць вашу ўвагу - самую сучасную і самую бяспечную, спадзяюся, атамную станцыю ў свеце. І адметнасць наша заключаецца ў тым, што мы яе пабудавалі, вобразна кажучы, на голым месцы. У нас не было ні спецыялістаў, ні вопыту, ні ведаў у эксплуатацыі атамнай станцыі. Але мы гэтаму навучыліся, своечасова падрыхтавалі спецыялістаў".
Вельмі вялікую дапамогу ў гэтым аказалі Расійская Федэрацыя і МАГАТЭ, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Таму мы свабодна можам сёння гаварыць пра бяспеку нашай станцыі, а той вопыт, які мы назапасілі ў Беларусі, спатрэбіцца і нашай арганізацыі ў любой кропцы планеты", - падкрэсліў Прэзідэнт.
МАГАТЭ - міжурадавая арганізацыя ў сістэме ААН. Яна была створана ў 1957 годзе, яе цэнтральныя ўстановы знаходзяцца ў Вене. Членамі агенцтва з'яўляюцца 180 дзяржаў. На МАГАТЭ ўскладзена некалькі функцый: аказанне дзяржавам-членам неабходнай дапамогі і развіццё навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі; садзейнічанне ў забеспячэнні належнага ўзроўню ядзернай і радыяцыйнай бяспекі; кантроль за выкарыстаннем атамнай энергіі выключна ў мірных мэтах.-0-