10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ва ўзаемным гандлі Беларусі і Варонежскай вобласці трэба імкнуцца да дасягнення запаветнага $1 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 чэрвеня на сустрэчы з губернатарам Варонежскай вобласці Расіі Аляксандрам Гусевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў кіраўніка расійскага рэгіёна, адзначыўшы, што з мінулай іх сустрэчы прайшло два гады. "Мы тады ў Мінску намецілі шэраг важных напрамкаў нашага супрацоўніцтва, дамовіліся больш актыўна ўзаемадзейнічаць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, гуманітарнай сферы, - сказаў беларускі лідар. - Шмат у чым дзякуючы Вашым намаганням Варонежская вобласць увайшла ў лік важнейшых партнёраў Беларусі".
У 2023 годзе тавараабарот перасягнуў $500 млн. "Добрая лічба, але да запаветнага мільярда, як мы і дамаўляліся, трэба імкнуцца", - арыентаваў Прэзідэнт. Тым больш, што і ў гэтым годзе захоўваецца нядрэнная дынаміка. Рэгіён (Варонежская вобласць. - Заўвага БЕЛТА) выйшаў на 13-е месца ў Расіі па аб'ёмах экспарту з нашай краіны".
Аляксандр Лукашэнка абазначыў ключавыя напрамкі, дзе бакі паспяхова ўжо ўзаемадзейнічаюць і ёсць патэнцыял для далейшага нарошчвання супрацоўніцтва.
Будаўніцтва
Гэта сфера традыцыйна лідзіруе ў гандлёвых адносінах Беларусі і Варонежскай вобласці. Агульны кошт рэалізуемых у рамках супрацоўніцтва праектаў за апошнія тры гады ўзрос у 10 разоў - амаль да 8,5 млрд расійскіх рублёў.
Сярод сумесных праектаў ёсць, напрыклад, і прамысловае будаўніцтва, у прыватнасці вытворчасць па ўтылізацыі шын, а таксама сацыяльныя аб'екты.
"Рэканструкцыя беларускімі будаўнікамі галоўнай спартыўнай арэны (Варонежа. - Заўвага БЕЛТА) - Цэнтральнага стадыёна прафсаюзаў, упэўнены, забяспечыць яго ўваходжанне ў катэгорыю лепшых у Расійскай Федэрацыі", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Прамысловасць
Прэзідэнт прапанаваў дапоўніць гандаль шырокім спектрам прамысловай прадукцыі яшчэ і кааперацыйнымі праектамі.
Што датычыцца тэхнікі, выпускаемай у нашай краіне, то ў Варонежскай вобласці добра з ёй знаёмы, выкарыстоўваюць у большай ці меншай ступені амаль усю лінейку. МАЗ на пастаяннай аснове прымае ўдзел у конкурсах на закупку аўтобуснай тэхнікі, а МТЗ, "Гомсельмаш", "Амкадор" - у конкурсах на пастаўку сельскагаспадарчай, дарожнай і лесанарыхтоўчай тэхнікі.
"Але сёння ўсё большы попыт на тэхніку ў Расіі патрабуе папярэдняй работы паміж вытворцамі і спажыўцамі. Мы робім стаўку на якаснае і своечасовае сэрвіснае суправаджэнне, абучэнне персаналу, пастаўкі запасных частак і расходных матэрыялаў. Без гэтага наогул немагчыма пастаўка якой-небудзь тэхнікі на рынкі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Сельская гаспадарка і прадукты харчавання
"Гэта вашы брэнды як па ўкладзе ў агульнарасійскі аб'ём сельгаспрадукцыі, так і па забеспячэнні рэгіёна і Цэнтральнай федэральнай акругі, - сказаў Прэзідэнт. - Але заўсёды ёсць і свабодныя нішы, і месца для шырокага асартыменту, які так неабходны спажыўцам". Паводле даных статыстыкі, у 2023 годзе Варонежская вобласць заняла 10-е месца сярод рэгіёнаў Расійскай Федэрацый па закупках харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны з Беларусі. "Будзем рады вывесці вас у першую пяцёрку па аб'ёме спажывання і перапрацоўкі нашых прадуктаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускія прадпрыемствы і навуковыя арганізацыі, паводле слоў Прэзідэнта, гатовы таксама абменьвацца вопытам па выкарыстанні новых тэхналогій у сельскай гаспадарцы. Ужо цяпер яны актыўна супрацоўнічаюць у сферы насенняводства. Таксама Беларусь са свайго боку прапануе тэхналогіі ў сферы малочнатаварнай вытворчасці, уключаючы праектаванне і будаўніцтва комплексаў, іх укамплектаванне абсталяваннем.
Камунальная гаспадарка
Гэта сфера цесна звязана з будаўніцтвам жылля і падтрыманнем жылога фонду ў тэхнічна спраўным стане, а таксама з прадастаўленнем якасных паслуг насельніцтву. "Вы ведаеце, што ў Беларусі можна пераняць не толькі рашэнні па арганізацыі работы ў гэтай сферы. У нас таксама выпускаюцца тэхніка і абсталяванне для збору, сартавання і перапрацоўкі адходаў, водападрыхтоўкі, водаадвядзення", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка і прапанаваў у час сустрэчы абмеркаваць гэтыя і іншыя напрамкі супрацоўніцтва, якія цікавяць дэлегацыю Варонежскай вобласці.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе дасягнутыя дамоўленасці будуць гарантавана выкананы беларускім бокам.
"Напрыклад, з нашым урадам вы маглі б больш актыўна папрацаваць у высокатэхналагічных галінах (электроніка, фармацэўтыка, біятэхналогіі, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, энергазберажэнне і многія іншыя сферы), а таксама падтрымліваць вытворчую кааперацыю з выкарыстаннем айчынных распрацовак і кампанентнай базы", - прапанаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што для перагавораў і дамоўленасцей няма закрытых тэм і ў Беларусі гатовы прыняць рашэнні па тых пытаннях, якія цікавяць Варонежскую вобласць. "Калі скажам - мы зробім", - запэўніў беларускі лідар.
"Думаю, настаў час нам больш цесна супрацоўнічаць адзін з адным. Нарэшце, дзякуючы абставінам, мы зразумелі, хто ёсць хто, хто сапраўдныя сябры, а хто проста прыклейваўся доўгія гады да Расіі і да нашага супрацоўніцтва", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Са свайго боку Аляксандр Гусеў таксама запэўніў у безумоўным выкананні ўсіх дамоўленасцей і планаў работы з Беларуссю. У якасці адной са сфер, дзе бакі дабіліся найбольшых поспехаў у сумесным супрацоўніцтве, губернатар назваў будаўніцтва. З удзелам беларускіх спецыялістаў у рэгіёне ўзведзены многія аб'екты, у тым ліку сацыяльнай інфраструктуры. Адзін з іх - буйны адукацыйны цэнтр у Варонежы амаль на 3 тыс. навучэнцаў. "Бачым, што робіце ўсё якасна, аператыўна. Вядома, для нас гэта вялікі фармат узаемадзеяння", - сказаў кіраўнік рэгіёна. Паводле яго слоў, ёсць вялікая зацікаўленасць у тым, каб прыцягваць беларускіх спецыялістаў да праектавання і будаўніцтва Цэнтральнага стадыёна прафсаюзаў у Варонежы.
Губернатар таксама пагадзіўся са сцвярджэннем кіраўніка беларускай дзяржавы аб неабходнасці ўмацоўваць кааперацыйныя сувязі. "Вы справядліва адзначылі, што ў нас магчымасці ў сумесным развіцці радыёэлектроннай прамысловасці ёсць. У нас шмат кампетэнцый на тэрыторыі вобласці ў гэтым напрамку, шмат прадпрыемстваў (каля 20) працуюць. Вядома, тут мы маглі б адзін аднаго ўзаемадапаўняць", - сказаў Аляксандр Гусеў.-0-