5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў сёння дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і членам Савета Рэспублікі дзяржаўныя ўзнагароды, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ордэн Пашаны атрымаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. На праведзеных выбарах ён перавыбраўся ў дэпутаты новага склікання.
Медалём "За працоўныя заслугі" Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў старшыню Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Наталлю Гуйвік, старшыню Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Юрыя Дарагакупца, старшыню Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Уладзіслава Шчэпава, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Наталлю Клімовіч і намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Алега Леўшунова.
Падзякамі Прэзідэнта адзначаны намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Віктар Чайчыц і генеральны дырэктар РУП "Віцебскаблгаз", член Савета Рэспублікі Пётр Шэршань.
Дыплом аб прысваенні ганаровага звання "Заслужаны работнік сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь" уручаны намесніку старшыні Савета Рэспублікі (2016-2019 гады) Мар'яне Шчоткінай.
"Гэта ўсе, хто заслужыў узнагароды? - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка ў старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі. - Шкадаваць не трэба. Я вельмі ў гэтых адносінах акуратны чалавек: ні генеральскіх пагонаў, ні ўзнагарод мы проста так не раздаём. Але трэба даць таму, хто гэта заслужыў".
Кіраўнік дзяржавы даручыў кіраўніцтву парламента і Адміністрацыі Прэзідэнта яшчэ раз вярнуцца да пытання аб узнагароджанні дэпутатаў: магчыма, некага з парламентарыяў "не ўбачылі". Таксама Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу знайсці дастойныя месцы работы тым, хто завяршыў сваю дэпутацкую дзейнасць. "Паколькі парламент - школа (не толькі адукацыйная, але і выхаваўчая), ніводны дэпутат не павінен застацца без работы. Гэта наша найвялікшая каштоўнасць. Этап дэпутацтва - гэта шлях у вялікае палітычнае жыццё. Я гэту школу прайшоў. Калі б я яе не прайшоў, я не стаяў бы сёння перад вамі", - заявіў беларускі лідар.-0-
