2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня правёў сустрэчу са старшынёй Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расіі Вячаславам Валодзіным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вячаслаў Валодзін прыбыў у Беларусь па даручэнні Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Ён прыме ўдзел ад расійскага боку ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
"Вам, майму старэйшаму брату, сябру, вялікі дзякуй за тое, што Расія прадстаўлена на гэтым нашым агульным свяце - Дні Незалежнасці Беларусі - высокай дзяржаўнай дэлегацыяй. Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я падумаў аб тым, што мы ж з вамі афіцыйна, вось такім чынам і не сустракаліся, хоць ведаем адзін аднаго ўжо, мне здаецца, паўстагоддзя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Рэдка, на самай справе. Хоць мы не проста адзін аднаго ведаем", - пагадзіўся Вячаслаў Валодзін.
"Сустракаемся вельмі часта ўвогуле і па справах, а такім чынам, напэўна, першы раз. Гэта сведчыць аб тым, што вы проста ў Мінску часцей павінны бываць. Мы заўсёды будзем рады вас бачыць", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што яму імпануе дэпутацкая дзейнасць Вячаслава Валодзіна і ён вельмі ўважліва назірае за яго работай, асабліва ў сваёй акрузе. "Я ўспамінаю сваю дэпутацкую работу, як мне даводзілася працаваць і займацца на больш нізкім узроўні, але дакладна такімі ж пытаннямі, вырашаць такія ж праблемы. Таму для мяне асабіста вы чалавек абсалютна зразумелы, адкрыты, і я заўсёды падтрымліваю ваш рух у тым напрамку, у якім вы рухаецеся да людзей, да тых, хто выбраў вас, не забываеце пра гэта. Гэта вельмі важна", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама разлічвае, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Дзяржаўнай думы прадоўжаць развіваць парламенцкія сувязі і абменьвацца вопытам.
"Дзякуй, што прыехалі. Пабудзеце ў нас на мерапрыемстве, паглядзіце з пункту гледжання нашых тагачасных агульных стандартаў: ці далёка мы ад іх адышлі. Думаю, што вам спадабаецца. Нікуды мы не адышлі. Мы заўсёды ў Беларусі былі прыхільныя да таго, што зрабілі нашы продкі. Ні адзін помнік вы не знойдзеце ў Беларусі, нават у самай маленькай вёсачцы, каб ён быў занядбаны і каб яго не даглядалі, - сказаў Прэзідэнт. - Людзі памятаюць тыя часы, ведаюць, адкуль мы, шануюць памяць тых, хто прынёс нам гэта жыццё. Няхай яно няпростае, але мы жывём, а многіх з іх, на жаль, няма".
Прычым для беларусаў, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, не важна, дзе адбылася тая ці іншая бітва, была гэта аперацыя "Баграціён", бітва пада Ржэвам ці на Дняпры, - у краіне аднолькава шануюць памяць загінулых савецкіх воінаў. "Змагаліся нашы, савецкія людзі. Мы гэта шануем і выхоўваем у гэтым напрамку і моладзь", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Вячаслаў Валодзін у сваю чаргу перадаў Прэзідэнту Беларусі цёплыя віншаванні з галоўным дзяржаўным святам ад імя расійскага лідара Уладзіміра Пуціна.
"Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аб'ядноўвае нас усіх. Нам вельмі важна гэту памяць захоўваць. Пакуль мы будзем памятаць тых, хто загінуў за нашу свабоду, за свабоду нашай краіны, Савецкага Саюза, якая нарадзіла нас, за свабоду нашых дзяржаў, і Беларусі, і Расіі, яны будуць нас весці па жыцці, абараняючы, хоць іх побач няма. Вы правільна сказалі: мы павінны быць разам, яшчэ мацней, плячо ў плячо, каб пераадольваць выклікі, з якімі сутыкнуліся нашы краіны", - падкрэсліў старшыня Дзяржаўнай думы.-0-