2 жніўня, Мазырскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласці азнаёміцца з ходам работ па ўстараненні наступстваў стыхіі, ад якой у ліпені пацярпеў гэты і шэраг іншых рэгіёнаў краіны, паведамляе БЕЛТА.
У прыватнасці, Міністэрства энергетыкі павінна было забяспечыць да 1 жніўня падключэнне да электразабеспячэння ўсіх абясточаных домаўладанняў, да 22 жніўня - перавод часовых схем электразабеспячэння ад дызельных генератарных установак на электразабеспячэнне ад ліній электраперадачы.
Кіраўніку дзяржавы даложаць аб устараненні ў Гомельскай вобласці і Мазырскім раёне наступстваў урагану, арганізацыі электразабеспячэння ў пацярпелых рэгіёнах, устараненні наступстваў стыхіі лесагаспадарчымі ўстановамі.
Аляксандр Лукашэнка на месцы азнаёміцца з работамі па распрацоўцы бураломных лесасек.
У выніку праходжання навальнічнага фронту 14 ліпеня ў лясным фондзе Мазырскага доследнага лясгаса ад моцнага ветру пацярпелі лясныя насаджэнні на плошчы каля 4,1 тыс. га. Паводле папярэдніх ацэнак, на ўлік пастаўлена загінулых лясных насаджэнняў, якія патрабуюць правядзення суцэльных санітарных высечак, на плошчы 2,1 тыс. га, з агульным запасам драўніны 510 тыс. куб.м.
Як расказалі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі, усяго ў выніку стыхіі пашкоджана больш за 41 тыс. га лесу. Суцэльнай высечцы падлягаюць 18 тыс. га. З іх 14 тыс. га знаходзяцца менавіта ў найбольш пацярпелай Гомельскай вобласці. Цяпер у рэгіёне працуюць спецыялісты з 80 лясгасаў. Усяго па краіне плануецца нарыхтаваць больш за 5 млн куб.м драўніны з пашкоджанага стыхіяй ляснога фонду.
Раней устараненне наступстваў стыхіі і рэагаванне на такія надзвычайныя сітуацыі стала прадметам дэталёвага абмеркавання на селектарнай нарадзе ў Прэзідэнта, якая прайшла 19 ліпеня. Па яе выніках Аляксандр Лукашэнка 23 ліпеня падпісаў распараджэнне аб устараненні наступстваў небяспечных метэаралагічных з'яў. Дакумент прыняты ў мэтах устаранення наступстваў стыхіі, зніжэння памераў шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, і матэрыяльнага ўрону, аднаўлення нармальных умоў жыццядзейнасці насельніцтва. Былі дадзены канкрэтныя даручэнні і абазначаны тэрміны работ па лініі профільных міністэрстваў і аблвыканкамаў.
Па лініі лясной гаспадаркі былі дадзены даручэнні да 1 лістапада, дзе неабходна, правесці суцэльныя санітарныя высечкі, а да 31 снежня - выбарачныя санітарныя высечкі і прыбраць захламленасць.-0-