17 снежня, Аман /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадаўжае рабочы візіт у Султанат Аман. Сёння ён наведаў порт і свабодную эканамічную зону "Сахар", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэтыя аб'екты маюць важнае значэнне ў планах па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам аб прапанове Султана Амана Хайсама бен Тарэка Аль Саіда стварыць у краіне хаб беларускіх тавараў.
"Для нас вельмі важна, каб мы вызначылі кропку. Порт, можа, яшчэ нешта будзем глядзець. І адтуль пайшлі нашы тэхналогіі, якія ў Амане патрэбны. Таму мы будзем на беларускіх тэхналогіях ствараць тут сумесныя прадпрыемствы і будзем рухацца на захад, на ўсход, на поўнач адсюль з Індыйскага акіяна, прадаючы свае тавары, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вельмі добрую прапанову ўнёс Султан - стварыць тут хаб - такі цэнтр беларускіх тавараў. І я ўчора яму шчыра сказаў, што вырабляць мы навучыліся шмат чаго. Гандляваць - яшчэ не вельмі. Ну а яны здаўна (умеюць гандляваць. - Заўвага БЕЛТА). І ў гэтым плане паабяцалі нам аказаць дапамогу".
Порт "Сахар" пабудаваны ў 2002 годзе, знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад Армузскага праліва, на беразе Аманскага заліва. Апрацоўвае больш за 1 млн т марскіх грузаў у тыдзень і амаль 3,5 тыс. судоў у год.
Свабодная эканамічная зона "Сахар" створана ў 2010 годзе побач з портам. Глыбакаводны порт і прылеглая да яго СЭЗ размешчаны ў адміністрацыйным цэнтры правінцыі Паўночная Эль-Баціна, на паўдарозе паміж гарадамі Дубай (ААЭ) і Маскат (Аман). Займаюць тэрыторыю 45 кв.км. СЭЗ "Сахар" - адна з чатырох асаблівых эканамічных зон на тэрыторыі Амана. Статусам СЭЗ таксама надзелены свабодная зона "Салала", свабодная зона "аль-Мазуна" на граніцы з Еменам, горад аль-Дукм. Порт і СЭЗ кіруюцца кампаніяй "Сахар Інтэрнэшнл Дэвэлапмэнт", сумесным прадпрыемствам урада Амана, порта Ратэрдама (Нідэрланды) і індыйскай кампаніі "СКІЛ Інфрастракчэ".
З моманту стварэння СЭЗ "Сахар" прыцягнула інвестыцый на суму звыш $26 млрд і стала адной з найбольш дынамічных і паспяховых прамысловых зон рэгіёна Заліва. На тэрыторыі СЭЗ размешчаны прадпрыемствы нафтахімічнай і лагістычнай галіны, па вытворчасці пластмас, металургіі, здабычы карысных выкапняў, харчовай і аўтамабільнай прамысловасці.
У ліку пераваг зоны - зручная лагістыка, адсутнасць імпартных пошлін і пошлін на рээкспарт, вызваленне ад падаткаў на прыбытак арганізацый да 25 гадоў і адсутнасць асабістага падаходнага падатку. Вырабленая прадукцыя карыстаецца шэрагам ільгот у рамках міждзяржаўных пагадненняў Амана.-0-