18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што Мінская вобласць спрацуе не горш за Гродзенскую ў ходзе сёлетняй уборачнай кампаніі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на селектарнай нарадзе, дзе абмяркоўваліся актуальныя пытанні ўборачнай кампаніі 2025 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аб гатоўнасці да жніва ў Мінскай вобласці, ходзе нарыхтоўкі кармоў, наяўнасці кадравых рэсурсаў і прагнозах на ўраджай далажыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што цэнтральны рэгіён гатовы і пачаў уборачную кампанію.
"На бягучую дату ў нас убрана азімага ячменю на плошчы 32 тыс. га, намалочана 148 тыс. т, ураджайнасць пакуль 45,6 ц/га. Плошча азімага рапсу - 90 тыс. га", - расказаў Аляксей Кушнарэнка.
У Мінскай вобласці да ўборачнай пары ёсць 1523 камбайны, гатоўнасць іх складае 99,9 працэнта, будзе таксама задзейнічана 1775 адзінак аўтатранспарту.
"Што датычыцца зернесушыльнага комплексу, то ўсе 419 адзінак сушылак гатовы да прыёму збожжа. Для рамонту тэхнікі створана 30 рамонтных звёнаў", - адзначыў старшыня.
На тэхніцы ў перыяд масавай уборкі будуць працаваць 6844 механізатары, частка з іх будуць задзейнічаны ў правядзенні сяўбы азімых.
У вобласці паралельна са жнівом ідзе нарыхтоўка кармоў. На адну ўмоўную галаву закладзена 10,5 кармавой адзінкі (мінус адна адзінка да ўзроўню 2024 года і плюс тры да ўзроўню 2023-га).
"Па прагнозах мы бачым, што будзем з кармамі, па годзе будзе забяспечана амаль 34,6 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву", - расказаў Аляксей Кушнарэнка.
"Вельмі спадзяюся, што Мінская вобласць спрацуе не горш за Гродзенскую", - сказаў Прэзідэнт, заслухаўшы даклад старшыні Мінскага аблвыканкама.-0-
