Сцяг Пятніца, 27 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 студзеня 2024, 15:00

Лукашэнка прыняў удзел у мерапрыемстве па ўводзе ў эксплуатацыю новага зімовачнага комплексу станцыі "Усход" у Антарктыдзе 

28 студзеня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным прыняў удзел у мерапрыемстве па ўводзе ў доследную эксплуатацыю новага зімовачнага комплексу на станцыі "Усход" у Антарктыдзе. Мерапрыемства прайшло ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цяпер там завершаны работы па стварэнні новага зімовачнага комплексу. "Усход" - круглагадовая ўнутрыкантынентальная антарктычная навуковая станцыя Расіі, знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Антарктыды. Паводле інфармацыі ТАСС, там вядуцца работы па даследаванні клімату і магнітнага поля Зямлі, метэаралагічныя, геафізічныя, гляцыялагічныя (па даследаванні прыроднага лёду) назіранні, вывучаюцца ўласцівасці матэрыялаў ва ўмовах нізкіх тэмператур і іншыя.

Новы зімовачны комплекс станцыі выраблены на доследным заводзе будаўнічых канструкцый у Гатчыне (Ленінградская вобл.). Ён уключае ў сябе два службова-жылыя памяшканні, будынак з чатырма дызель-генератарамі магутнасцю 200 кВт кожны і сістэмай ачысткі і захоўвання вады, склад і гараж. Кожны блок здольны працаваць аўтаномна.

Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб выніках палярных даследаванняў, адзначыў, што на яго больш за ўсё зрабіла ўражанне інфармацыя аб тым, што за апошнія прыкладна 420 тыс. гадоў прайшло чатыры цыклы, калі глабальнае пахаладанне змянялася глабальным пацяпленнем. "Я так жартам гавару: цікава б ведаць, у якім мы перыядзе і ў якім пункце знаходзімся, калі гэта пахаладанне або пацяпленне прыйдзе да нас, - сказаў Прэзідэнт. - Вельмі хочацца, каб не толькі мы, але і планета існавала. А тое, што вы мне расказалі, гэта наогул за мяжой разумення знаходзіцца. Цяжка нават усвядоміць, што нашы даследчыкі і вучоныя робяць такія высновы".

Што датычыцца ўводу ў строй новага зімовачнага комплексу, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Яны робяць вельмі добрую работу. Я таксама далучаюся да слоў Прэзідэнта (Расіі. - Заўвага БЕЛТА) і хачу павіншаваць усіх вас з адкрыццём новага зімовачнага комплексу станцыі "Усход". Немалыя грошы, мільярды рублёў укладзены для таго, каб стварыць такую зручную і ўтульную прыгажосць для работы там нашых людзей".

У час мерапрыемстваў планавалася сувязь і са станцыяй, дзе знаходзяцца беларускія палярнікі, але ўмовы надвор'я не дазволілі гэта зрабіць.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Антарктыда да гэтага часу з'яўляецца самым малавывучаным мацерыком планеты. "Расія з'яўляецца лідарам у вывучэнні Антарктыкі на сённяшні дзень. Ніхто не можа з гэтым параўнацца. У нас была вялікая краіна - Савецкі Саюз. Мы разам працавалі. Але калі нехта спадзяваўся, што гэта ўсё загіне, - аказваецца, не загінула, а выйшла на больш высокі ўзровень", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён таксама падзякаваў расійскім сябрам, якія і раней, і цяпер дапамагаюць беларускім вучоным з размяшчэннем на сваёй станцыі, падтрымліваюць даследаванні, дзеляцца навуковымі данымі, прадастаўляюць абсталяванне. "Ведаю, што працуе і наша абсталяванне там (у Антарктыдзе. - Заўвага БЕЛТА). Мне далі інфармацыю: у 2018-2020 гадах тут быў уведзены ў эксплуатацыю ультрафіялетавы фатометр канструкцыі беларускага ўніверсітэта. Я ўпэўнены, праграма будзе прадаўжацца з выкарыстаннем гэтага абсталявання. Я ў Беларусі звярну больш пільную ўвагу на развіццё гэтага сектара навукі і практыкі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта дасць добры штуршок развіццю, і мы вельмі сур'ёзна да гэтага паставімся. Мы вельмі ганарымся, што маем адносіны да гэтага. Яшчэ раз дзякую расіянам, вам, Уладзімір Уладзіміравіч. Вы ўдзяляеце гэтаму вялікую ўвагу".

Звяртаючыся да палярнікаў, Прэзідэнт адзначыў складаныя ўмовы, у якіх ім даводзіцца працаваць, і нават маршрут да станцыі вельмі доўгі і складаны: "Вы здзяйсняеце подзвіг. Мы вамі ганарымся. Дзякуй вам вялікі. Мы, беларусы, будзем больш актыўна ўключацца ў гэтыя працэсы. Жывіце дружна. Мы - браты, нам дзяліць няма чаго. Уклад у навуку павінен быць як з боку Расіі, так і Беларусі".

Беларусь на працягу шэрага гадоў рэалізуе і сваю антарктычную праграму. Пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы ў 2006 годзе краіна пачала свой шлях у асваенні Антарктыды. Вынікі даследаванняў у палярным рэгіёне важныя не толькі з фундаментальнага, але і з практычнага пункту гледжання. Геафізічныя працэсы, якія адбываюцца ў Антарктыдзе, вызначаюць клімат планеты і захаванне біяразнастайнасці. Гэта з’яўляецца прычынай актыўнасці высокатэхналагічна развітых краін у гэтым рэгіёне.

З 2015 года ва Усходняй Антарктыдзе будуецца Беларуская даследчая станцыя. У 2021 годзе завершана стварэнне першай яе чаргі, а да 2026 года плануецца завяршыць фарміраванне яе другой чаргі. Склад і тэхнічныя характарыстыкі блокаў (мадэлей) станцыі даюць магчымасць у поўным аб'ёме гарантаваць бяспечныя ўмовы працы палярнікаў агульнай колькасцю да 15 чалавек.

У рамках дзяржаўных праграм па даследаванні Антарктыкі з 2007 па 2023 год арганізавана і праведзена 15 беларускіх сезонных антарктычных экспедыцый, у якіх прынялі ўдзел больш за 80 беларускіх і 6 замежных вучоных і спецыялістаў.

У НАН Беларусі 30 кастрычніка 2023 года быў дадзены ўрачысты старт 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі на чале з вопытным палярнікам, удзельнікам усіх папярэдніх 15 экспедыцый Аляксеем Гайдашовым. У першай дэкадзе студзеня бягучага года была праведзена паветраная грузавая аперацыя па дастаўцы генеральнага грузу і супрацоўнікаў Беларускай антарктычнай экспедыцыі на палявую базу "Гара Вячэрняя". Яна размешчана на ўзбярэжжы мора Касманаўтаў недалёка ад сезоннай расійскай станцыі "Маладзёжная".-0- 

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі