Сцяг Пятніца, 27 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 снежня 2024, 13:39

Лукашэнка прымае ўдзел у саміце ЕАЭС. У 2025 годзе старшынства ў саюзе пераходзіць да Беларусі 

26 снежня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 снежня прымае ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Саміт ЕАЭС праходзіць пад Санкт-Пецярбургам на тэрыторыі ўсесезоннага курорта "Ігора". Напярэдадні тут адбылася нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД.

Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета па традыцыі праходзіць у вузкім і пашыраным складах. Пасля таго, як лідары краін ЕАЭС абмяркуюць стратэгічныя напрамкі дзейнасці саюза, да іх далучацца Прэзідэнт Узбекістана, а таксама прадстаўнікі Ірана і Кубы.

Адкрыў саміт Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Паводле яго слоў, бакі сабраліся падвесці вынікі адыходзячага года, абмеркаваць бягучыя пытанні інтэграцыйнага будаўніцтва, разгледзець шэраг рашэнняў, накіраваных на далейшае паглыбленне супрацоўніцтва ў ЕАЭС у самых розных сферах, і намеціць планы на перспектыву.

Кіраўнік расійскай дзяржавы нагадаў, што ў гэтым годзе споўнілася 10 гадоў Дагавору аб заснаванні ЕАЭС. Ён адзначыў, што аб'яднанне замацавалася ў якасці аднаго з самастойных і самадастатковых цэнтраў шматпалярнага свету, які фарміруецца, і прадаўжае дынамічна развівацца.
"Дзейнасць Еўразійскага саюза садзейнічае пашырэнню гандлю і інвестыцыйных абменаў, нарошчванню дзелавых кантактаў, паглыбленню кааперацыйных сувязей. А галоўнае - інтэграцыйнае ўзаемадзеянне прыносіць рэальную выгаду кожнаму з удзельнікаў нашага аб'яднання, на справе дапамагае забяспечваць стабільны, устойлівы рост эканомік дзяржаў "пяцёркі" і Еўразійскага рэгіёна ў цэлым", - заявіў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Расія высока цэніць узаемавыгаднае шматпланавае супрацоўніцтва з партнёрамі па ЕАЭС і зацікаўлена ў актывізацыі сумеснай работы па ўсебаковым умацаванні аб'яднання.

У пратакольнай частцы пасяджэння ў вузкім складзе на правах старшынствуючага таксама коратка выступіў прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, які падключыўся да саміту па відэасувязі (раней стала вядома, што ў яго быў выяўлены каранавірус).

"Падыходзіць да завяршэння перыяд старшынства Арменіі ў органах ЕАЭС. Асноўныя прыярытэты нашага старшынства, як вядома, ахоплівалі ключавыя напрамкі эканамічнага ўзаемадзеяння, стварэння агульных рынкаў у энергетычнай сферы, устараненне бар'ераў на ўнутраным рынку ЕАЭС, развіццё транспартна-лагістычнай інфраструктуры і ўмацаванне міжнародных сувязей. Сярод прыярытэтаў таксама вылучаліся развіццё кааперацыйнага патэнцыялу і лічбавых тэхналогій", - сказаў Нікол Пашынян.

Прэм'ер-міністр Арменіі таксама выказаў удзячнасць членам Савета і кіраўніцтву ЕЭК за садзейнічанне ў практычнай рэалізацыі ініцыятыў армянскага старшынства.
Усяго ў парадак дня саміту ўключана каля двух дзясяткаў пытанняў. Чакаецца, што ў час пасяджэння Прэзідэнт агучыць мэты і прыярытэты беларускага старшынства ў органах ЕАЭС у 2025 годзе.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі