23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 снежня правядзе сустрэчу з мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Сабянін 23 снежня прыбыў з рабочым візітам у Беларусь. У яго запланаваны сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам і старшынёй Мінскага гарвыканкама Уладзімірам Кухаравым. У праграме візіту расійскай дэлегацыі таксама наведванне Мінскага трактарнага завода, дзе яна азнаёміцца з выстаўкай беларускай прамысловай прадукцыі.
Мінулы раз Сяргей Сабянін наведваў Беларусь у 2016 годзе. Тады ён прыняў удзел у Днях Масквы ў Мінску і трэцім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Масква - адзін з галоўных партнёраў Беларусі сярод суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. У мінулым годзе аб'ём узаемнага гандлю склаў больш за $6 млрд. У бягучым годзе гэты ўзровень быў ужо дасягнуты па выніках студзеня-кастрычніка.-0-