Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 кастрычніка 2024, 12:49

Лукашэнка прапанаваў пабудаваць скорасныя лініі да гарадоў-спадарожнікаў Мінска

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да гарадоў-спадарожнікаў Мінска неабходна правесці скорасныя чыгуначныя лініі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 кастрычніка, заслухоўваючы даклад па пытаннях развіцця сеткі рэспубліканскіх аўтамабільных дарог і фарміравання транспартнай інфраструктуры, якая забяспечвае гадзінную даступнасць да гарадоў-спадарожнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Як і дамаўляліся мы з вамі раней, планава хацеў бы сёння абмеркаваць найважнейшае пытанне, якое перад намі ставяць, у тым ліку і насельніцтва Беларусі, - стан аўтамабільных дарог. І адно з асноўных пытанняў - гэта рассяленне насельніцтва, якое імкнецца жыць і працаваць у горадзе-героі Мінску, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я ўжо не раз гаварыў, што перанасяленне Мінска - гэта не на карысць тых людзей, якія жывуць у Мінску. У тым ліку не на карысць тых, хто хоча прыехаць у Мінск".

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад расійскую сталіцу. Паводле афіцыйных даных, у Маскве пражывае амаль 13,1 млн чалавек. Аднак рэальная колькасць людзей, якія адначасова пражываюць у мегаполісе, складае 15 млн чалавек. "Безупынныя пробкі, неабходнасць будаўніцтва ў велізарных маштабах развязак, дарог і гэтак далей. Што прыемнага для чалавека жыць у гэтым жалезабетонным "адзенні", і вакол аўтамабілі, аўтамабілі, аўтамабілі", - сказаў Прэзідэнт.
У Беларусі пайшлі іншым шляхам, пачаўшы развіваць так званыя гарады-спадарожнікі Мінска. Цяпер да іх адносяцца Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Смалявічы, Фаніпаль і пасёлак Рудзенск. З гэтых гарадоў лёгка дабрацца да сталіцы, але неабходна падумаць аб тым, як зрабіць шлях яшчэ больш скорасным, падкрэсліў Прэзідэнт. "Нам трэба падумаць пра будаўніцтва больш скорасных, незалежных ад аўтамабільных дарог, участкаў. Я не думаю, што гэта зойме шмат часу або вялікіх грошай (запатрабуе. - Заўвага БЕЛТА)", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў у прыклад Астану, дзе шмат гадоў таму пачалі будаўніцтва наземнага метро. Планавалася, што чыгуначныя лініі будуць размяшчацца на жалезабетонных апорах. Аднак праект атрымаўся дарагім і таму прыпыняўся. "Гэта вельмі дорага. У нас што, ёсць такая неабходнасць? Мы можам пабудаваць наземнае метро. Не будзем рыць, як крот, пад зямлёй гэтыя траншэі, а можам выйсці на паверхню ў канцы контураў Мінска і даехаць да тых жа Смалявіч, Лагойска і гэтак далей. Я не думаю, што гэта на цяперашні час вялізныя грошы", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час для жыхароў гарадоў-спадарожнікаў наяўнасць такой транспартнай сістэмы будзе вялікім плюсам, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Трэба ствараць нармальныя не толькі аўтамабільныя, але і чыгуначныя і іншыя зносіны. Шмат распрацовак у свеце ўжо ёсць. Таму ў гэтым напрамку нам трэба рухацца, і ў наступнай пяцігодцы пытанні гарадоў-спадарожнікаў, асабліва Мінска, мы павінны вырашыць. Гэта павінна быць асобная праграма або падпраграма ў праграме "Дарогі Беларусі", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі