29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў хуткі запуск Першага інфармацыйнага тэлеканала, які напярэдадні быў прэзентаваны ў Белтэлерадыёкампаніі. Адпаведную заяву ён зрабіў, заслухоўваючы даклад аб актуальных пытаннях інфармацыйнай палітыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гонар і слава вам, што вы ўсё ж такі вырашылі самі, сваімі сіламі рэалізаваць гэту задуму. Хоць, ставячы перад вамі некалі гэту задачу, я думаў, што вы будзеце прыцягваць і іншаземцаў для таго, каб гэта ўсё стварыць. Але калі вы сказалі самі, я думаю: добра, самі, можа, нешта недапрацуем, але потым данастройку, як у нас прынята гаварыць, правядзём. Але я, як і вы, вельмі перажываю за тое, як людзі ўспрымуць усё гэта", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо нямала часу гаварылі аб стварэнні ў Беларусі інфармацыйнага тэлеканала на ўзор таго, як гэта робяць вядучыя тэлевізійныя каналы свету.
Каменціруючы прэзентацыю гэтага новага медыярэсурсу, якая адбылася напярэдадні, Прэзідэнт заўважыў, што яго яна нават крыху насцярожвае. У тым плане, каб, стварыўшы гэтай рэкламай пэўны настрой у людзей, потым апраўдаць іх чаканні.
"Пра гэта (стварэнне канала. - Заўвага БЕЛТА) шмат гаварылі, але я хацеў бы пачуць тое, пра што не гаварылі. Якія ёсць праблемы ў гэтым плане? Але абавязкова зрабіце, каб гэта быў сапраўдны беларускі канал. Без усялякай хлусні", - арыентаваў беларускі лідар.-0-