27 ліпеня, Нясвіжскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае, што ў бягучым годзе з улікам кукурузы ўраджай збожжа павінен скласці мінімум 9,5 млн т. Аб гэтым ён заявіў сёння ў час рабочай паездкі ў Нясвіжскі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Выбары выбарамі, а есці ўсе хочуць. Таму галоўнае павінна быць сканцэнтравана тут. Выбары- гэта ўжо другаснае", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Калі мы гаворым аб тым, што мы 8 млн т збожжа павінны сабраць, трэба падкрэсліваць, што каласавых. Яшчэ 1,5 млн т - зерня кукурузы. Увогуле 9,5 млн т збожжа ў бягучым годзе - гэта мінімум, які павінны ўзяць. І мы можам яго ўзяць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на аплату працы вяскоўцаў. "Не шкадуйце заплаціць людзям за работу. Ураўнілаўкі быць не павінна", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Трэба мець на ўвазе, што надвор'е будзе, як раней. Як некалі даўно. Будуць дажджы і будуць пагодлівыя дні, трэба прыстасавацца. І гэта нармальна. Таму што акрамя збожжа ў нас жа ў полі і агароднінныя культуры, і кукуруза. Другі ўкос траў. Будзе і трэці ўкос. Але для гэтага патрэбна вільгаць. Таму трэба радавацца, што такое надвор'е. Трэба настройвацца і выхопліваць кожны пагодлівы час, не чакаць. Даводзіць зерне да кандыцыі на збожжатоку. Тэхнікі шмат, арганізаваць трэба", - сказаў Прэзідэнт.
Як далажыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, на сённяшні дзень збожжавых і зернебабовых ужо ўбрана прыкладна на 19 працэнтах плошчаў. Ураджайнасць - 37,6 ц/га. "Гэта ўраджайнасць дае магчымасць гаварыць аб тым, што мы можам атрымаць збожжавых каласавых у гэтым годзе 8,1 млн т. І прыбаўка складзе па каласавых 1,5 млн т збожжа. Завяршаем уборку рапсу, яшчэ засталося 4-5 дзён, 89 працэнтаў убрана", - сказаў кіраўнік Мінсельгасхарча.
Ён таксама далажыў пра забяспечанасць тэхнікай і палівам. З тэхнікай праблем няма - для патрэб аграрыяў краіны ў бягучым годзе было дадаткова пастаўлена некалькі соцень камбайнаў. Частка з іх паступіла ўжо, а частка прыбудзе ў бліжэйшыя дні і таксама падключыцца да ўборкі. Тэхнічна ёсць магчымасць убраць за 21 пагодлівы дзень усе збожжавыя каласавыя, па 4,5-5 працэнтаў пасяўных плошчаў у дзень.
Што датычыцца паліва, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што пакуль у гэтым плане аграрыі павінны разлічваць на сябе. "Ніякіх просьбаў. Разлічвайце пакуль на сябе. Сёння добры ўраджай, рапс добры, прадавайце. Трэба пазычыць грошай - пазычым, але рана сёння гаварыць аб тым, што мы з рэзерву або аднекуль цяпер возьмем вам паліва. Працуйце да 15 жніўня, а там паглядзім", - сказаў Прэзідэнт.
У Нясвіжскім раёне Аляксандр Лукашэнка наведаў сельгаспрадпрыемства "Новае жыццё", дзе яму далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў Мінскай вобласці і рэспубліцы ў цэлым. Прэзідэнт азнаёміўся з работай тэхнікі на ўборцы поля азімай пшаніцы, дзе ўраджайнасць дасягае 100 ц/га.-0-
Фота Андрэя Стасевіча