29 мая, Орша /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўспрымае адпачынак і водпуск перш за ўсё як змену абставін і віду дзейнасці. Аб гэтым ён заявіў, размаўляючы з работнікамі завода "Легмаш" у Оршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я ўспрымаю водпуск як змену сітуацыі, абставін, рэжыму жыцця. Я не ўяўляю, як можна легчы на пляжы і пячыся пад сонцам. Я вясковы чалавек. З дзяцінства мяне да гэтага не прывучылі. Гэта не маё. Мне трэба нечым займацца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў агульнапрынятым разуменні пайсці ў водпуск ён не можа: "Прэзідэнт беларускі не можа адпачыць, таму што ў яго няма віцэ-прэзідэнта. Дзе б ні знаходзіўся Прэзідэнт Беларусі, ён свае паўнамоцтвы па Канстытуцыі нікому перадаць не можа".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Орша, напрыклад, з'яўляецца адным з яго любімых месцаў у Беларусі, з якім звязана шмат успамінаў з дзяцінства і дзе ён з задавальненнем праводзіць час.
Прэзідэнт адзначыў, што па характары дзейнасці бывае ў многіх краінах па ўсім свеце, але заўсёды з радасцю вяртаецца на радзіму. "Нічога лепшага няма, чым Беларусь, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Нам бог падарыў унікальную краіну". Адна з яе бясспрэчных прыродных пераваг - спрыяльны клімат, асабліва добры тым, што можна па-сапраўднаму адчуць кожную пару года.
"У нас ёсць усё. Таму беражыце гэта. Разам мы павінны гэта зберагчы, для нашых дзяцей у тым ліку", - сказаў Прэзідэнт.-0-